барада, -ы, ДМ -дзе; мн. бароды, -аў; ж.
1. Пярэдняя частка ніжняй сківіцы. На галаве — касынка, завязаная пад бараду. Брыль. Андрэйка даставаў да стала толькі барадой. Бядуля. [Коля] як ляжаў тварам уніз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Чорны.
2. Валасяное покрыва ніжняй часткі твару. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.
// перан. Разм. Пра чалавека з такім валасяным покрывам.
// У некаторых жывёл і птушак — пучок доўгіх валасоў ці пер'я ля шыі і на грудзях. Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Крапіва.
3. Касмыль недапрадзенай кудзелі льну, воўны. Падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Мележ.
// Наогул усё калматае, што нагадвае касмыль. З-пад барабана выскачыла першая вялікая пакамечаная барада саломы. Васілевіч. Лес глядзіць з-пад зялёных веек самацветамі воч птушыных, .. аганькамі ўспыхнуўшых красак, вугалькамі суніц і касцянак, што гараць на бародах моху... Арочка.
// Зблытаныя ніткі, лёска і інш. І толькі тут, на беразе возера, даведаўся я, што за машына гэты спінінг! Размахнуўся першы раз — у куст блясну ўсадзіў. Махнуў другі раз — “бараду” зрабіў, ды такую, што разблытаў яе толькі праз тыдзень. Шашкоў.
4. Невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі пры заканчэнні жніва. З каласоў завязалі [жнеі] Бараду, як вялося. Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілося. Калачынскі.
Анекдот з барадою гл. анекдот. Дзіравая барада — пра таго, хто, едучы, абліваецца стравай. Казліная барада — рэдкая, вузкая, непрыглядная барада. Навіна з барадою гл. навіна. Смяяцца ў бараду гл. смяяцца.

Паведаміць пра недакладнасьць