1. Сустракацца, мець спатканне з кім-н. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. Колас.
// перан. Знацца з чым-н., адчуваць на сабе ўздзеянне чаго-н. (часцей з адмоўем). [Незнаёмы:]— Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся. Купала.
2. Быць бачным; успрымацца зрокам. [Павел] аглядаўся — і не пазнаваў парку: дрэвы кожны раз бачыліся нязвыкла цёмнымі і чужымі. Вышынскі. [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўначы, дакапацца да сутнасці з'явы. Шыцік.
3. Паўставаць у думках, уяўляцца. Будучае бачылася выразна, як другі бераг іх ціхай Пцічы. Грахоўскі.
// Разм. Здавацца, мроіцца. [Замылка:] — Баешка ў нас заўжды такі... падазроны, яму ўсё нешта бачыцца такое... Шынклер.
// Разм. Праясняцца, больш прыкметна выступаць. Аднак сёння, на дзевятым месяцы палону, Алесю многае ўжо бачыцца ясней, чым у тую кашмарную першую ноч, калі і радасць, і адчай, і горкі сум то праясняліся трохі, то зноў жахліва блыталіся ў адно. Брыль.
◊ Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам — выпіваць, піць.
Паведаміць пра недакладнасьць