баявы, -ая, -ое.
1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вядзеннем бою; ваенны. Баявыя аперацыі. Баявы разлік. Баявыя парадкі. Баявая гатоўнасць. Баявая і палітычная падрыхтоўка. Баявыя часці. Баявы вылет.Аднекуль з вуліцы данёсся сігнал баявой трывогі. Крапіва. [Чыжык] прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню. Лупсякоў. Сышліся сябры-партызаны Згадаць баявыя гады. Смагаровіч.
// Прызначаны для бою, бітвы. Баявы патрон.У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі. Колас. Імчыцца сталёвай лавінай Калона машын баявых. Аўрамчык.
// Які ўдзельнічаў у баях, праяўлены і здабыты ў баях. Баявы камандзір. Баявы подзвіг. Баявыя заслугі. Баявыя адзнакі.Людзей паважалі выключна за іх баявыя якасці. Брыль.
2. Выпрабаваны, загартаваны ў баях, гатовы да барацьбы. Баявыя арганізацыі бальшавікоў.Па пытанню аб утварэнні асобых баявых груп я магу сказаць, што лічу іх неабходнымі. Ленін.
3. Рашучы, энергічны, дзейны. [Манковіч:]— У атрадзе звыш сарака камсамольцаў. Гэта наша баявое звяно. Дзенісевіч.
4. перан. Разм. Бойкі, смелы. Звеннявая па ільну — баявая і гаваркая дзяўчына. Шчарбатаў.
5. Асабліва важны для данага моманту, які патрабуе выканання ў першую чаргу. Навукова-тэхнічны прагрэс — баявая задача дня.
Баявая галоўка гл. галоўка. Баявая спружына гл. спружына. Баявое хрышчэнне гл. хрышчэнне. Баявы лісток гл. лісток. Баявы пост гл. пост. Баявы статут гл. статут.

Паведаміць пра недакладнасьць