бегаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.
1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі.Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка.
/ Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба.
// Разм. Часта бываць у каго-н., хадзіць да каго-н., наведваць каго-н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны.
// Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго-, што-н., гуляючы дзе-н. Бегаць па хатах.[Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас.
// Быць на паслугах у каго-н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны.
// Разм. Шпарка хадзіць, маючы які-н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карп] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі.
// Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго-н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч.
// Разм. Заляцацца да каго-н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч.
// Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.
2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін.
// Імкліва рухацца на каньках, лыжах.
3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, калі ён аглядаўся на залу. Крапіва.
// Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка.
// Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны.
// Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.
4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасці ў кароў.
Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца. Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі. Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы. Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Паведаміць пра недакладнасьць