бледны, -ая, -ае.
1. Без натуральнага румянцу; бяскроўны. Госць быў увесь бледны ад хвалявання. Бядуля. Твар.. [маці] незвычайна бледны, змораны. Якімовіч.
2. Афарбаваны ў светлы, няяркі колер. Стомленыя вочы падслепавата жмурыліся на бледную палоску блізкага світанку. Лынькоў. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны. Бядуля.
// Слабы, няяркі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу. Краўчанка.
// Які свеціць няяркім святлом. Па-асенняму бледнае сонца асвятляла вёску. Хадкевіч. Па спалавеламу небу рассыпаліся бледныя зоры. Алешка.
3. перан. Нецікавы, бедны, няяркі. Бледныя вобразы. Бледная мова.На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі яскравымі прасветамі. Гартны.
4. Як састаўная частка некаторых батанічных і інш. назваў. Бледная паганка. Бледная немач.

Паведаміць пра недакладнасьць