1. Тое, чым што-н. забруджана, запэцкана; гразь. А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду, Што дажджом налілася свінцовым. Чарот. Пад кажурынай лісцяў прэлых Зіма схавала бруд і твань. Колас.
// Адкіды, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Зусім нядаўна растаў снег. Узімку быў ён надта белым, а цяпер.. ляжыць змешаны з гразёю і розным брудам. Каваль.
// Насякомыя, якія паразітуюць на целе чалавека і жывёлы. У бялізне за часы.. [Пракопавага] вандроўніцтва завялося нямала рознага бруду. Колас.
2. перан. Што-н. нізкае, амаральнае, нядобрасумленнае; напластаванне адмоўных якасцей. [Стэфа:] — Нянавісць мая будзе жорсткая, бязлітасная. Нянавісць да бруду, падману, мяшчанскага дабрабыту ў сваім гняздзечку... Савіцкі. Па-ўдарнаму працу на плечы бяру, Мінуты не страціўшы марна: З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ударная. Крапіва.
Паведаміць пра недакладнасьць