былы, -ая, -ое.
1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк.
// у знач. наз. былое, -ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: “На ўспамін аб былым”. Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас.
// Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала у высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А.Вольскі.
2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом.Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям'янавіча. Даніленка.

Паведаміць пра недакладнасьць