бяда, -ы, ДМ -дзе; мн. беды, бед; ж.
1. Няшчасце, нядоля, гора. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе іх засцігне апошняя бяда. Брыль. Ды зноў бяда: праз год вясною Згарэла хата з варыўнёю. Колас.
// Непрыемнасці, клопат. Але сёння здарылася з цыркуляркай бяда — сапсаваўся па нейкай прычыне матор. Гамолка. Трэба, думае [мужык], хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі... Якімовіч.
2. Галеча, нястача, недахоп сродкаў для жыцця. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. Вечная ў хаце бяда — Ніва, як палец, вузкая, Ў хлебе цвіла лебяда. Танк. [Дзед:] — Дзе ж ты [Сымонка] дзенешся зімою? Хто табе прытулак дасць? Эх, спазнаешся з бядою! Эх, шырока яе пасць! Колас.
3. у знач. вык. Дрэнна, нядобра; непрыемнасць. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. [Камандзір:] — Пяхоце шукай, дзе вузей, ды дрэвы валяй цераз ваду. З фурманкамі— таксама бяда. Брыль.
// (з адмоўем). Неістотна, не мае значэння. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён [Беразоўскі] і сам не малады. Чарнышэвіч.
Бяда вялікая — не мае значэння, няважна. Бяда малая — не датычыцца каго-н. [Шчырэц:] — Ты [Валошын] — гарадскі, табе бяда малая: Тваіх палёў жаўнеры не патопчуць. Глебка. Бядой латаны гл. латаны. Далей ад бяды гл. далей. Дапамагчы бядзе гл. дапамагчы. Лезці ў бяду гл. лезці. Не твая (мая, яго і г. д.) бяда — не твая (мая, яго і г. д.) справа, што табе (мне, яму і г. д.) абыходзіць. Такой бяды; толькі (той) бяды — не мае значэння; ну дык што ж! Як на бяду — як назнарок, як на тое.

Паведаміць пра недакладнасьць