дурань
бегаць як дурань. Карм. Асудж. Пра непрадуманую, недарэчную мітусню каго-н. Мат., Гом., VIII, 122.
гігікаць як дурань. Пух. Няўхв. Пра чалавека, што смяецца без прычыны альбо проста задужа весяліцца. Шатэрнік, 67.
глядзець як дурань на боты блішчоныя. Касц., Рэч. Няўхв. Пра няўцямнае, тупое ўзіранне, угляданне каго-н. на новы, незразумелы прадмет. ЛЦ, 70.
глядзець як дурань на чырвоно. Слон. Няўхв. Высл., 305. Тое ж.
жаніўся як дурань з печы зваліўся. Слуцк. Насмешл. Пра нейчую нечаканую, без доўгіх заляцанняў жаніцьбу. Сержпутоўскі 1999, 64.
ждаць як дурань доўбні. Слуцк. Няўхв. Пра пасіўнае чаканне чаго-н. небяспечнага. ФА.
крычаць як той дурань касу схаваўшы. Слон. п. Пра нейчы няўцямны пусты крык. Federowski, 154.
Мужык п'ець, як у леечку льець, а як прыдзецца плаціць, то як дурань маўчыць. Прык. Пра карыслівага чалавека, які, каб пазбегнуць плаціць выдаткі, гатовы прыкінуцца дурным. Шпилевский, 184; Нос., 142.
набрацца як дурань заціркі. Капыл., Карэл. Няўхв. Пра празмерную неразумную прагавітасць чалавека ў піцці, ежы. Высл., 349.
набрацца як дурань клочча. Гом. Няўхв. Высл., 349. Тое ж.
наесціся як дурань бобу. Слон. Няўхв. Высл., 351. Тое ж.
наесціся як дурань клочча. Мін., Чэрык., Рэч. Няўхв. ЛЦ, 93; Высл., 351. Тое ж.
накінуцца як дурань на зацірку. Нясв. Няўхв. ФА. Тое, што набрацца як дурань заціркі.
напіцца як дурань дзёгцю. Воран. Асудж. Даніловіч, 220. Тое ж.
насіцца як дурань з дзвярмі (дзвярыма). Астр., Нясв. Няўхв. Пра недарэчнае перасоўванне з месца на месца грувасткай рэчы; пра празмерную ўвагу да чаго-н. недарэчнага, неістотнага. Янк., Пар., 115; Высл, 356; ФА; СПЗБ 3, 37.
насіцца як дурань з мялам. Асіп. Высл., 356. Тое ж.
насіцца як дурань з пісанай торбай. Кругл. Няўхв. ДА. Тое ж.
пазіраць у вочы як дурань. Сміл. Няўхв. Пра позірк вінаватага чалавека, які не хоча ў гэтым прызнацца. Шатэрнік, 193.
прычапіцца як дурань да дзверцаў. Паст. Няўхв. Высл., 372. Тое, што насіцца як дурань з дзвярмі.
убіцца як дурань у аглоблі. Мін. Насмешл. Пра чалавека, што сам улез у цяжкую справу, узяў на сябе клопат. Высл., 403.
цягнуць як дурань дзверы. Карэл. Высл., 416. Тое, што насіцца як дурань з дзвярмі.
як добры дурань. Івац., Мсцісл., Слон. Пра паводзіны не вельмі разумнага чалавека. Юрчанка 1977, 212; Высл., 426; ЗЗайкі.
як той дурань. Клецк. Асудж. Пра чалавека, які зрабіў нешта не так, не здагадаўся, не прадбачыў, паверыў. ДА.
глядзець дурнем. Няўхв. Пра чалавека, які паставіў сябе ў непрыемнае становішча. НН, 610.
патрэбен як дурню галава. Мін. Іран. Жарт. Пра нешта не зусім патрэбнае. ЛЦ, 118.
вускочыць ек дурэнь з-за куста. Жытк. Асудж. Пра недарэчнае ўмяшанне чалавека ў нейкую справу, размову. ТС 1, 175.
насіцца ек дурэнь со ступою. Глуск., Жытк. Няўхв. Мат., 121; ТС 5, 112. Тое ж.
швардыкнуць ек бу дурэнь с печы. Жытк. Няўхв. Жарт. Пра падзенне аднекуль па неасцярожнасці. ТС 5, 362.

Паведаміць пра недакладнасьць