кабыла
Басня (байка) без канца як кабыла без хваста. Бар. Прык. Жарт. Груб. Пра неабходнасць лагічнай завершанасці нейкага аповеду. Federowski, 23; Янкоўскі, 101; ФА.
вываліць зубы як кабыла да жарабца [смяецца-цешыцца]. Асудж. Груб. Пра жанчыну, якая вельмі прыхільна камусьці ўсміхаецца. «Ніва», 1978, № 45.
вышчарацца як кабыла на пасеі. Лаг. Няўхв. Пра кабету, якая непрыемна ўсміхаецца. Varłyha, 91. ≺ Пасеі - неразмолатыя часткі зярнят і шалупіны.
губы развесіць як старая кабыла. Слуцк. Пагардл. Пра непрыемны выраз твару каго-н. Сержпутоўскі 1999, 59.
зацяцца як наравістая кабыла. Слуцк. Няўхв. Пра вельмі ўпартага, наравістага чалавека. Сержпутоўскі 1999, 122.
здарова як кабыла. Нараўл. Няўхв. і ўхв. Пра моцную, вынослівую жанчыну. Мат. Гом., IV, 170.
лятаць як кабыла. Шчуч. Няўхв. і ўхв. Пра энергічную, моцную, вынослівую жанчыну. СПЗБ 2, 645.
напінацца як кабыла перад пропасцю. Насмешл. Пра чалавека, які прыкладвае ўсе намаганні, каб выйсці з цяжкага становішча. Нос., 133.
наравісты як кабыла. Ваўк. п. Няўхв. Пра вельмі ўпартага, наравістага чалавека. Federowski, 198.
паны бы наравістая кабыла. Слуцк. Няўхв. Пра ўпартых, грозных, наравістых паноў. Сержпутоўскі 2000, 163.
рагатаць як кабыла на высеўкі. Іўеў. Абразл. Пра моцны, голасны рогат каго-н. Сцяшковіч, 615; Даніловіч, 228.
уперціся як кабыла ў дышла. Капыл. Ухв. Пра энергічнае, настойлівае, рашучае ўключэнне ў якую-н. цяжкую работу. Высл., 406.
уцякаць адкуль што кабыла ад аўса. Іран. Пра ніякія не ўцёкі, а актыўнае імкненне да чаго-н. Янк., 387.
цягацца як кабыла Лейзарава. Зэльв., Маст. Няўхв. Пра хаджэнне, цяганне, бадзянне без справы, без сур'ёзнага занятку. Даніловіч, 229.
як кабыла бальшая. Сен. Груб. Пра рослую дзяўчыну. МК, 254.
хваліцца як цыган карослівай кабылай. Гл. цыган.
бегчы як жарабя за кабылаю. Гл. жарабя.
як з кабылаю пацеры мовіць. Насмешл. Пра размову з няздольным да разумення субяседнікам. Санько, 70.
дагадзіць як заяц кабыле. Гл. заяц.
даць як заяц кабыле. Гл. заяц.
ек кобылі покачацца. Стол. Насмешл. Пра малы лапік зямлі. ТС 5, 83.
задаць пылі як заяц кабыле. Гл. заяц.
зажадацца (захацецца) як кабыле воцату. Слон. Насмешл. Пра чалавека, якога турбуюць нейкія несур'ёзныя пажаданні. Шпилевский, 180; Нос., 45; Высл., 323.
захацецца/хацець як кабыле аўсу. Воран. Насмешл. Пра моцнае, прагнае жаданне чаго-н. Даніловіч, 228.
не падступіцца к каму бы к наравістай кабыле. Слуцк. Няўхв. Пра складанасці дачыненняў з кімсьці ўпартым, наравістым, незгаворлівым. Сержпутоўскі 2000, 253.
Па забыле б'юць як па кабыле. Капыл., Чэрык. Прык. Пра значныя пакаранні чалавеку, які часта забываецца. Рабкевіч, 156; ФА.
памагчы як заяц кабыле. Гл. заяц.
патрэбен як кабыле воўчы хвост. Слон. Іран. Пра нешта зусім непатрэбнае. ФА.
даць пылі (духу) як верабей кабылі. Гл. верабей.
ведаць каго як аблупленую кабылу. Здзекл. Пра дасканалыя веды пра каго-н. Нос., 50.
шанасьць такая як воўк кабылу шанаваў. Гл. воўк.
дзерці як воўк кабылу. Гл. воўк.
галасок як у таго салаўя, што за гарою кабылу душыць. Гл. салавей.
любіць як цыган сляпую кабылу. Гл. цыган.
набожны як святога Юр'я конь: ён да касцёла, а ён да кабылы. Гл. Юр'е.

Паведаміць пра недакладнасьць