казёл
біцца як сляпы казёл аб яслі. Няўхв. Пра ўпартае і безвыніковае, сляпое змаганне з нечым. Ром., Зап., I, 215.
гарадзіць як казёл, на ваду гледзечы. Насмешл. Пра чалавека, які гаворыць абы-што. Ляцкий, 7.
глядзець начэ казёл у воду. Рэч. Няўхв. Пра няўцямны, недаўменны позірк каго-н. Pietkiewicz, 374.
маўчаць як стары казёл. Рэч. Жарт. Пра панурага, маўклівага чалавека. Пяткевіч, 553.
смярдзець як казёл. Ваўк. п. Абразл. Пра непрыемны рэзкі пах ад некага, смурод. Federowski, 305.
стыдацца як казёл у капусце. Іран. Пра адсутнасць сораму ці ніякаватасці ў чалавека, які чыніць шкоду. Дуб., Нар., 1.
узірацца як казёл. Слон. п. Няўхв. Federowski, 324. Тое, што глядзець на'чэ казёл у воду.
улегці як казёл за вагонам. Слон. Асудж. Пра пустое, недарэчнае даганянне каго-н. Высл., 405; Янк., 435.
упарты як казёл. Мсцісл., Свісл. Няўхв. Пра беспадстаўна, моцна ўпартага, незгаворлівага чалавека. Бялькевіч, 460; Гілевіч, 166.
утаропіцца (утупіцца) як казёл. Слон., Сміл. Няўхв. Высл., 406; Шатэрнік, 290. Тое, што глядзець начэ казёл у воду.
улазіць як казёл з барадою. Мсцісл. Асудж. Пра чалавека, які ўмешвацца, ублытваецца ў чужыя справы. Юрчанка, 185.
дастаць як у казла малака. Ваўк. п. Іран. Здзекл. Пра немагчымасць нешта атрымаць ад каго-н. Federowski, 76.
Зла як у казла, а сілы як у камара. Гом. Прык. Кплів. Пра задзірыстага і слабога чалавека. ПП 2, 257.
Пользы як ад казла, а грахоў як у чорта. Мсцісл. Прык. Асудж. Пра шкадлівую асобу, ад якой адны непрыемнасці. Юрчанка, 58.
Сам мужычок з кулачок, а зла як у казла. Маладз. Прык. Пра малога невысокага чалавека з упартым і злосным характарам. ПП 2, 257.
як ад казла - ні шэрсці, ні малака. Пра адсутнасць карысці з каго-, чаго-н. Аксамітаў, 194.
як з казла малака. Віл., Івац. СЦБ, 176; ЗЗайкі. Тое ж.
як з таго казла: ані воўны, ані малака. Ваўк. п., Гродз., Рэч. Federowski, 138; Pietkiewicz, 374; Аксамітаў, 269; АВНЛ. Тое ж.
уперціся як два казлы лоб у лоб. Насмешл. Пра двух упартых, што ніяк не саступяць адзін аднаму. Янк., 435.

Паведаміць пра недакладнасьць