мыш
прытаіцца як муш у крупе. Жытк. Насмешл. Пра ўладкаванне чалавека ў дужа выгадным месцы. ТС 4, 257.
чуць ек муш зернета. Стол. Ухв. Пра вялікую чуйнасць некага, успрыманне па паху. ТС 5, 304.
вугінуць як рудые мушы. Стол. Зласл. Пра бясследнае знікненне, прападанне ні за што. ТС 1, 135.
аблезлы як рудая мыш. Рэч., Круп. Насмешл. Пра не надта імпазантны выгляд чалавека. Высл., 279; КВДУ.
бегаць як мыш абсмаленая. Няўхв. Пра таго, хто бесталкова мітусіцца з вугла ў вугал пры ўяўнай небяспецы. Крэмнеў, № 103.
бедны як царкоўная мыш. Чэрык., Мін. Насмешл. Пра зусім беднага чалавека. ЛЦ, 23.
глядзець (вылезці) як мыш з дражджэй. Насмешл. Пра напаўсоннага, п'янага альбо здзіўленага чалавека. Дуб., 11; Рапановіч, 244; Нос., 24; Матэрыялы 1981, 116.
глядзець як кошка на мыш. Гл. кошка.
глядзець як мыш на крупы. Чашн., Чэрык., Бяроз., Дзярж. Насмешл. Пра прагны, зацікаўлены позірк на што-н. ЛЦ, 70; ФА; АВНЛ.
глядзець як падклетная мыш. Насмешл. Станкевіч, 803. Тое ж.
згінуць (змарнавацца, прапасці) як рудая мыш [у балоце]. Ваўк., Слон. п., Стаўб., Рэч. Пра марную гібель каго-н. Federowski, 354, 358, 244; Ройзензон, 71; МК, 216; Pietkiewicz, 387.
лезці (шчаміцца) як мыш у мякіну. Мсцісл. Няўхв. Пра настырнае імкненне, пранікненне каго-н. туды, дзе выгадна. Юрчанка, 182.
мокрая/мокры як мыш. Маг., Гродз. Жарт. Пра прамоклага альбо моцна спацелага чалавека. Высл., 347; Даніловіч, 235.
мокры як рудая мыш. Лоеў. Жарт. ЛЦ, 72; Янкова, 312. Тое ж.
надзьмуцца (дзьмуцца, надуцца, натапырыцца, пазіраць) як мыш на крупы. Дзярж., Івац., Пух., Сміл., Карм., Светл., Уздз., Капыл., Стол. Насмешл. Пра чый-н. надзьмуты, пакрыўджаны, незадаволены выгляд. Шатэрнік, 84, 166; Нос., 35; Сержпутоўскі 1999, 31, 88; Высл., 350; Нар. слов., 26, 58; Добр., 41; Ляцкий, 23; Мін.-Мал., 1970, 164; Высл., 350; Сцяшковіч, 616; Даніловіч, 235; Барысюк, Буян, 18; ЗЗайкі.
надуцца як мыш на зярно. Нясв. ФА. Тое ж.
нясмачна (у роце) як (бы) мыш глынуўшы. Здзекл. Пра прыкрае, непрыемнае адчуванне ў роце. Янк., 418.
пазіраць як мыш з патрэп'я. Лаг. Жарт. Пра абыякавы позірк каго-н., хто заняў выгаднае месца. Varłyha, 903.
папасціся як мыш у пастку. Віл. Насмешл. Здзекл. Пра чалавека, які праз цягу да спажывы трапіў у нявыкрутнае становішча. СПЗБ 3, 435.
паставіцца як мыш на крупы. Гродз. Цыхун, 187. Тое, што надзьмуцца як мыш на крупы.
пішчаць як мыш. Пра нейчы тоненькі піск. Янк., Пар., 128.
прапасці як рудая мыш. Астр., Івац., Шчуч. Зласл. Пра бясследнае знікненне, прападанне ні за што. СПЗБ 4, 91; Сцяшковіч, 617; ЗЗайкі.
прыцягнуцца як мокрая мыш. Мсцісл. Здзекл. Пра кагосьці, хто прыйшоў з вінаватым выглядам. Юрчанка 1977, 232.
расцягнуць як мыш якую. Мсцісл. Няўхв. Пра лёгкую жорсткую расправу над кім-н. Бялькевіч, 126.
скокнуць як кот на мыш. Гл. кот.
скрабацца як мыш. Хойн. Насмешл. Пра чалавека, які ўвесь час нешта паціху чыніць. Высл., 428.
спацець/упацець як мыш. Лаг., Мін., Гродз. Насмешл. Пра моцна ўпацелага чалавека. Varłyha, 142; ЛЦ, 74; Даніловіч, 235.
схапіць як кошка мыш (мышку). Гл. кошка.
сядзець ціха як мыш. Івац., Мсцісл., Гродз. Пра чалавека, які недзе прытаіўся, сцішыўся. Юрчанка 1977, 186; Ззайкі; Даніловіч 2008, 137.
сядзець як мыш пад венікам (у веніку). Брасл., Івац., Мядз. Жарт. Пра чалавека, які ціха, баязліва, не праяўляючы сваё «я» працягвае існаванне ў няпэўных варунках. Рабкевіч, 197; ФА; ЗЗайкі.
сядзець як мыш пад мятлой. Астр., Рэч., Стаўб., Пін., Стол. СПЗБ 3, 94; МК, 314; ЛЦ, 74; Барысюк, Буян, 25. Тое ж.
сядзець як мыш у гарудзя. Ашм. Насмешл. Пра чалавека, які засеў у выгадным для яго месцы. СПЗБ 1, 103. ≺ Гаруд - аруд, засек.
трапіць як мыш у пастку. Санько, 188. Тое, што папасціся як мыш у пастку.
улезці як мыш у цеста. Пух. Асудж. Пра чалавека, які праз сваю прагнасць трапіў у нявыкрутную непрыемную сітуацыю. ЛЦ, 125.
утаропіцца як кот у мыш. Гл. кот.
худы як мыш з царквы. Насмешл. Пра беднага ці худога чалавека. Янк., 436.
чаіцца як кот на мыш. Гл. кот.
чатаваць як кошка на мыш. Гл. кошка.
шалпатацца як мыш. Стаўб., Івац. Насмешл. Пра нейкія гукі, скрэбанне, шорах спадцішка. Нар. слов., 155; ЗЗайкі.
шастаць як мыш па пастках. Слон. Іран. Пра чалавека, які чыніць нейкія дробныя, але рызыкоўныя справы. Высл., 355.
шмыгнуць як мыш. Сен. Насмешл. Пра некага, што хутка і непрыкметна знік, схаваўся. Каспяровіч, 353.
як мыш абсмаленая. Насмешл. 1. Пра чалавека, які выглядае непрыглядна. 2. Пра нейчыя мітуслівыя паводзіны. Санько, 71.
як мыш у пастку ўпасці. Ваўк. п. Насмешл. Пра таго, хто трапіў у небяспеку, лёгка папаўся. Federowski, 321.
гуляць (дражніцца) як кошка з мышаю. Гл. кошка.
адна адной вышай - і ўсе як мышы. Брасл. Іран. Пра асоб, што выхваляюцца, не маючы на тое падстаў. Рабкевіч, 18.
жарты як у мышы з катом. Слон. Пра благія жарты, калі аднаму пагражае смяротная небяспека. Высл., 318.
не адцягнеш як ката ад мышы. Гл. кот.
няма каго/чаго як мышы з'елі. Карэл. Насмешл. 1. Пра нематываваную адсутнасць чаго- альбо каго-н. 2. Пра непрыкметнае знікненне кагосьці альбо чагосьці. Высл., 357; Санько, 69.
разбегчыся як мышы ад ката. Хоц. 1. Пра групу людзей ці жывёл, што хутка ці напалохана разбегліся ва ўсе бакі. 2. Насмешл. Пра людзей, што перапалохана адмовіліся ад сваіх пазіцый. ЛЦ, 120.
разбегчыся як рудыя мышы. Старадар. ДА. Тое, што разбегчыся як мышы ад ката.
распаўзлись як мыши, стог зъеўши. Смал. Насмешл. Пра людзей, што разышліся, учыніўшы шкоду. Добр., Смол., 783.
рассыпацца як рудыя мышы па свеце. Ваўк. п. Няўхв. Пра людзей, што разышліся ў розныя бакі. Federowski, 259.
важдацца як кот са здохлай мышшу. Гл. кот.
насіцца як кот з мышшу. Гл. кот.
ганяць як рудых мышэй. Рэч. Асудж. 1. Пра жорсткае пераследаванне каго-н. 2. Пра п'яніцу, які ганяецца за сваімі сямейнікамі. ЛЦ, 96.
душыць як кот мышэй. Гл. кот.
прыкрадацца як кот да мышэй. Гл. кот.
што мышэй сабралася. Мсцісл. Насмешл. Пра вялікі збор людзей. Юрчанка 1977, 241.

Паведаміць пра недакладнасьць