Створана на падставе:
Слоўнік хэмічнае тэрмінолёгіі (проект). Менск: Інбелкульт, 1927.
Прадмова
У гэты выпуск увайшла першая частка хэмічнае тэрмінолёгіі − агульная хэмія (неорганічная і часьць органічнае).
Апрацоўка хэмічнае тэрмінолёгіі распачата была ў 1924 г. асобнаю камісіяю, спэцыяльна выдзеленаю для гэтае работы Прыродазнаўчаю Сэкцыяю ІБК у складзе яе членаў − В. Вяршука, Ч. Родзевіча, А. Круталевіча і Я. Сушынскага, але дзейнасьць гэтае камісіі скора прыпынілася, не давёўшы работы да канца (былі апрацованы тэрміны на некалькі першых літар).
Для заканчэньня гэтае работы Прэзыдыумам Прыродазнаўчае Сэкцыі была выдзелена ў 1925 г. новая камісія ў складзе яе членаў В. Вяршука і Ч. Родзевіча.
Пры ўкладаньні тэрмінолёгіі камісія кіравалася наступнымі палажэньнямі:
1) Даць тэрмінолёгію агульнае хэміі ў аб’ёме програм тэхнікумаў, рабфакаў, камвуза і першых двух курсаў унівэрсытэту.
2) Інтэрнацыянальныя тэрміны ўводзяцца ў беларускую мову нязьменна, толькі ў беларускай транскрыпцыі.
3) Тэрміны, узятыя з жывой народнай мовы даюцца ў іх народнай форме.
4) Пры адсутнасьці патрэбных слоў у народнай мове і агульна-пашыраных інтэрнацыянальных − вытвараюцца нэалёгізмы згодна з законамі беларускае мовы.
5) Тэрміны складаныя (назоўнік+прыметнік) зьмяшчаюцца ў альфабэце пад літараю назоўніка.
6) Тэрміны, зьвязаныя з адным якім хэмічным элемэнтам, зьмяшчаюцца ў альфабэце пад назваю гэтага элемэнту, напр., тленьнік натру − пад літараю Н.
Апрацованы такім спосабам проект хэмічнае тэрмінолёгіі, перад пераглядам яе ў Галоўнай Тэрмінолёгічнай Камісіі, пасылаўся для дадаткаў, уваг і паправак у Горацкае Навуковае Таварыства (пры С.-Г. Акадэміі), а потым перагледжан і зацьверджан Г.-Тэрмінолёгічнаю Камісіяй у 1927 г.
Слоўнік хэмічнае тэрмінолёгіі, як і ўсе папярэднія тэрмінолёгічныя слоўнікі, выходзіць у сьвет як проект і мае дыскусійны характар. У далейшым ён можа зьмяняцца, калі запатрабуюць таго навуковы досьлед і школьная практыка. Дзеля гэтага кожны можа падаваць свае ўвагі, якія будуць разглядацца і прымацца да ведама. Але для настаўнікаў і аўтараў падручнікаў гэтая тэрмінолёгія зьяўляецца абавязковаю, покі ня будуць зроблены зьмены прынятым у Інбелкульце парадкам.
Выпускаючы ў сьвет кожную тэрмінолёгію, Г.-Тэрмінолёгічная Камісія і далей зьбірае тэрмінолёгічны матар'ял − народны і літаратурны, каб у наступных выданьнях пашыраць і выпраўляць тое, што на падставе новага матар'ялу будзе вымагаць належных выправак і дадаткаў.
Даць дакладную тэрмінолёгію, якая-б адпавядала ў поўнай меры навуковасьці і здавальняла-б пэдагогічную практыку − справа нялёгкая, і Камісія лічыць, што ўдасканаліць сваю работу яна зможа толькі ў тым выпадку, калі на помач ёй прыдзе актыўная праца ўсіх зацікаўленых асоб і ўстаноў. Вось чаму Камісія зварачаецца да іх з просьбаю дапамагчы ёй у цяжкай справе распрацаваньня беларускае навуковае тэрмінолёгіі.
Сабраны тэрмінолёгічны матар‘ял Камісія просіць надсылаць у Інбелкульт (Менск, Рэволюцыйная, 21) на імя Галоўнае Тэрмінолёгічнае Камісіі. Корэспондэнцыя на імя Інбелкульту, паштовай аплаце не падлягае.
Гэты выпуск хэмічнае тэрмінолёгіі выходзіць з яўрэйскім тэкстам, апрацованым Тэрм. Камісіяю Яўрэйскаго Сэктару ІБК.
Галоўная Тэрмінолёгічная Камісія.
15 чэрвеня 1927 г.
Сьпіс літаратуры, выкарыстанае пры складаньні беларускае хэмічнае тэрмінолёгіі (ч. 1-я неорганічная хэмія)
1) Менделеев − Основы химии. С.-Петербург 1906 г.
2) W. Оstwаld. Grundlinien der anorganischen Chemie. Leipzig 1900
3) L. Bruner i S. Tоłłоczko − Chemja nieorganiczna. Warszawa 1922 r.
4) L. Bruner i S. Tołłoczko − Chemja organiczna. Warszawa 1922 r.
5) О. Курило − Словник хемичноï термінологіï. Кіïв 1926 г.
6) В. Ластоўскі − Слоўнік Расійска-Крыўскі (беларускі). Коўна 1924 г.
7) И. Носович − Словарь бѣлорусскаго нарѣчия. С.-Петербург 1870 г.
8) Prof. Dr. Walther Rоth. − Chemiker-Kalender. Berlin 1924.
9) M. Байкоў i M. Гapэцкi. − Практычны расійска-беларускі слоўнік Менск 1926 г.
10) K. Tіандеръ. − Нѣмецко-Русскій словарь. С.-Петербургъ 1911 г.
11) М. Байкоў i С. Некрашэвіч. − Беларуска-расійскі слоўнік. Менск 1926 г.
12) Тэрмінолёгіі, выданыя Інстытутам Беларускае Культуры.
13) А. Голлеман − Органическая химия. Одесса 1923 г.