Кіслы Канстанцін (1898-1980), праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, рэлігійны музыколаг і кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хароў.

Нарадзіўся 25.05.1898 у мясцовасці Лянчыцы Лянчыцкага павета Калішскай губ. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у г. Каліш. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў г. Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. У час вучобы на занятках прафесара музыкі кампазітара Салаўёва выявіў музычныя здольнасці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 г. прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора выканаў і дзве беларускія песні («Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям'ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У 1918 г. скончыў настаўніцкую семінарыю. Пачатак грамадзянскай вайны ў Расеі і ваенныя дзеянні закінулі яго ў Турцыю, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе арганізаваў царкоўны хор пры Праабражэнскім саборы. Адначасова стварыў мясцовы свецкі хор. У 1933 г. пераехаў у Беласток. Арганізаваў школьны царкоўны хор пры саборы св. Мікалая, а таксама свецкі хор пры Таварыстве беларускай школы. У 2-й палове 1930-х гадоў на іх аснове быў створаны агульны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных улад, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў. З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі быў арыштаваны органамі бяспекі. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры. У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў кантакты з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 г. выступаў з публічнымі канцэртамі. У хуткім часе хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа. З чэрвеня 1944 г. - у эміграцыі. Пэўны час жыў у Германіі. Пазней, у 1948 г., перабраўся ў Бельгію, дзе працаваў на вуглездабывальнай шахце. Пасля смерці вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага быў запрошаны на пасаду дырыжора студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў г. Лёвен. Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Эўропе. З ансамблем выступаў у Бруселі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне. З траўня 1956 г. - у ЗША. Жыў у г. Кліўленд, дзе прымаў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. У якасці дырыжора супрацоўнічаў з беларускімі царкоўнымі і свецкімі харамі. У 1950-я гады прымаў удзел у рэарганізацыі кліўлендскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». У Кліўлендзе адкрыў уласную інструментальна-музычную студыю. Цяжка хварэў. Вярнуўся ў Беласток, дзе 08.01.1980 памёр.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1958. № 20; Голас Царквы (Нью-Ёрк). 1980. № 53; Кіпель В.; Рагуля Б.

Паведаміць пра недакладнасьць