Нарадзіўся 19.02.1895 (па іншых крыніцах у 1887) у мястэчку Суботнікі Лідскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Аляксандар і Ганна (з дому Тучкоўскіх) Пазнякі. Атрымаў агульную сярэднюю і музычную адукацыю. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў удзелу ў беларускіх гуртках «хрысціянска-дэмакратычнага і асветніцкага кірунку». У 1913-1915 гг. у Вільні сумесна з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і А.Лявіцкім (Ядвігіным Ш.) прымаў удзел у выданні першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Служыў арганістам у Лаварышскім рымска-каталіцкім касцёле. Пазней працаваў на гэтай жа пасадзе ў касцёле св. Яна ў Вільні. З 1921 г. прымаў удзел у дзейнасці беларускіх хрысціянска-дэмакратычных арганізацый і партый. Як публіцыст супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам («Biełaruskaja krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). У сваіх артыкулах закранаў праблемы заходнебеларускага культурна-грамадскага і рэлігійнага жыцця. Выступаў за адкрыццё беларускіх школ, асуджаў палітыку Віленскай архідыяцэзіі ў адносінах да заходнебеларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. На з'ездзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) у 1928 г. абраны сакратаром яе прэзідыума. У 1928-1936 гг. - рэдактар газеты «Biełaruskaja krynica». За рэдактарска-публіцыстычную і палітычную дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі Віленшчыны. Некалькі месяцаў правёў у турме, штрафаваўся. Адзін з ініцыятараў рэарганізацыі БХД у Беларускае народнае аб'яднанне (БНА). Спрычыніўся да расколу ў шэрагах БНА. У 1936 г. абраны прэзідэнтам БНА. Напрыканцы 1938 г., у сувязі з закрыццём газеты «Biełaruskaja krynica», рэдагаваў газету «Chryścijanskaja Dumka». З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войск у верасні-кастрычніку (?) 1939 г. арыштаваны органамі бяспекі. Паводле адной з версій да чэрвеня 1941 г. знаходзіўся ў турме ў Старой Вілейцы недалёка ад Маладэчна. Дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.
Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 3162; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; БП, IV; ЭГБ, V.