Шчаглоў-Куліковіч Мікалай (1896-1969), культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў эміграцыі, кампазітар і музыколаг, даследчык беларускай царкоўнай і свецкай музыкі, дырыжор.

Нарадзіўся 13.10.1896 у Маскве (паводле іншых крыніц 04.04.1896 на Смаленшчыне). Паходзіў з праваслаўнай расейска-беларускай сям'і. Род бацькі выводзіўся з данскіх казакоў, маці - са Смаленшчыны, беларуска-расейскага культурна-гістарычнага пагранічча. З маленства выхоўваўся ў цёткі (матчынай сястры), ігуменні праваслаўнага жаночага манастыра ў Туле. Удзельнічаў у манастырскім хоры, дзе выявіліся яго музычныя здольнасці. Скончыў Маскоўскую сінадальную навучальню царкоўнага спеву. На пастаноўку і развіццё голасу, музычнага талента аказаў уплыў дырэктар навучальні, вядомы рэфарматар расейскай царкоўнай музыкі Аляксандар Кастальскі. Як спявак (альт) удзельнічаў у эўрапейскіх турнэ. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (да 1925). У 1930-я гады займаўся збіраннем і вывучэннем песеннага фальклору на Смаленшчыне. Пэўны час жыў на Ўкраіне. З 1936 г. - у Менску. Працаваў музычным рэдактарам на Беларускім радыё. З 1937 г. - дырыжор сімфанічнага аркестра Беларускага радыёкамітэта ў Менску. Адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра. У якасці музыказнаўцы супрацоўнічаў з усесаюзным часопісам «Советская музыка». У гады Другой сусветнай вайны жыў на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі. У 1941-1942 гг. прадоўжыў збіранне беларускага песеннага і музычнага фальклору. Па выніках гэтай працы быў выдадзены «Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песьняў» (Менск, 1943). Супрацоўнічаў з беларускім перыядычным друкам («Беларуская газэта», «Новы шлях»), дзе апублікаваў шэраг артыкулаў пра беларускую музычную культуру. Узначальваў музычны аддзел Беларускай культурнай рады і Беларускага культурнага згуртавання. Пасля Ўсебеларускага царкоўнага сабора і аднаўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (Менск, 1942) займаўся рэфармаваннем беларускай царкоўнай музыкі. У гэтым жа годзе падрыхтаваў тэарэтычнае даследаванне «Беларуская песня» (засталося ў рукапісе). Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэса (Менск, 1944). У гады вайны стварыў оперы «Лясное возера» (1942) і «Усяслаў Чарадзей» (1944) на лібрэта беларускай паэткі Н.Арсенневай. У сувязі з набліжэннем фронту разам з кампазітарам М.Равенскім пакінуў Менск. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі, дзе кіраваў канцэртнай групай і ўзначальваў Беларускі тэатр эстрады. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Жыў у Чыкага. Выступаў у тэатры музычнай мініяцюры. На працягу 12 гадоў кіраваў царкоўным хорам у грэка-каталіцкай царкве Хрыста Збавіцеля. Працаваў над музыкай да літургічных тэкстаў. З царкоўным хорам браў удзел у экуменічных набажэнствах. Супрацоўнічаў з беларускімі і расейскімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі («Беларус», «Новое русское слово» і інш.). Аўтар аперэты «У вырай», кантаты, сімфоній і сімфанічных сюіт, песень і рамансаў на словы Я.Купалы, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, У.Жылкі, Н.Арсенневай. Пісаў музыку да драматычных спектакляў. Укладальнік шэрагу зборнікаў - «Беларускія песенныя зборнікі» (1954, 1955, 1960), «Калядоўшчыкі» (1961), «Родныя матывы» (1967). Даследаваў гісторыю беларускага музычнага мастацтва. Аўтар культурна-гістарычных прац «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка» (1953), «Беларуская савецкая опера» (1957). Памёр 31.03.1969 у г. Чыкага.

Літ.: Беларус (Нью-Ёрк). 1989. № 358-362; Кіпель В.

Паведаміць пра недакладнасьць