Юневіч Эдвард (1894-1989), каталіцкі святар заходняга абраду, ліцэнцыят тэалогіі, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 12.09.1894 у мясцовасці Новая Вілейка Віленскага павета. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Стафан і Іаанна (з дому Дзятловічаў) Юневічы. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Кіеве. Пазней - у Ларынскай гімназіі ў Пецярбургу, дзе атрымаў атэстат сталасці. У 1912-1917 гг. - клерык Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 30.04.1917 архібіскупам Янам Цеплякам. У тым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасць. Выкладаў Закон Божы ў прытулках для дзяцей з бежанскіх сем'яў у Маскве. Увосень 1917 г. паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію ў Петраградзе. З прыходам да ўлады бальшавікоў і закрыццём вышэйшых духоўных устаноў далей вучыцца не змог. Застаўся ў Пецярбургу, дзе служыў вікарыем пры касцёле Аб'яўлення Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1918-1920). У парафіі св. Станіслава, пасля арышту мясцовага святара Вітольда Івіцкага, выконваў абавязкі пробашча (1920). Удзельнічаў у нарадах і пасяджэннях каталіцкага духавенства, якімі кіравалі архібіскуп Э.Роп, а пазней архібіскуп Я.Цепляк. Разам з іншымі святарамі абмяркоўваў становішча каталіцкай царквы і адносіны да яе бальшавіцкай улады. У ліку 14 каталіцкіх святароў быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Праходзіў па вядомай справе архібіскупа Я.Цепляка. На судовым працэсе ў Маскве 21-25.03.1923 абвінавачаны ў прыналежнасці да антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і аказанні супраціўлення пры канфіскацыі царкоўнай маёмасці. Быў прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення з пазбаўленнем усіх правоў. У студзені 1925 г., пасля двухгадовага побыту ў турме, вызвалены ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж урадамі Польшчы і Савецкай Расеі. З 01.02.1925 знаходзіўся ў Віленскай архідыяцэзіі. Выконваў святарскія абавязкі ў Новай Вілейцы на Віленшчыне. Пазней быў пераведзены ў Пінскую дыяцэзію. Працаваў у мясцовай дыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў якасці прафесара эстэтыкі і расейскай мовы. Адначасова служыў у семінарыі духоўнікам. У 1926-1930 гг. вучыўся ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят па тэалогіі. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Пінск. У 1933-1934 гг. быў сакратаром па справах рэлігійных арганізацый у Пінскай дыяцэзіі. З 2-й паловы 1930-х гадоў і ў час Другой сусветнай вайны - пробашч і дэкан у мясцовасці Драгічын. У 1943-1945 гг. выконваў абавязкі генеральнага вікарыя ў Пінскай дыяцэзіі. Пазней уступіў у ордэн айцоў радэмптарыстаў (1946). Пасля навіцыяту ў Торуні і Тыхаве служыў у Глівіцах. З 2-й паловы 1950-х гадоў працаваў у Варшаве. Служыў духоўным айцом святароў з дэканата Воля ў Варшаве і ў дыяцэзіі ў Драгічыне (Польшча). Праводзіў рэкалекцыі і спавядаў вернікаў. Быў абраны візітатарам ордэнаў і ордэнскіх таварыстваў. Вёў шырокую перапіску са святарамі Пінскай дыяцэзіі, якія засталіся ў СССР. Памёр 25.08.1989 у Варшаве. Пахаваны там жа на могілках айцоў радэмптарыстаў.

Літ.: Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Catalogus... Vilnensis; Elenchus... Pinscensis; Stankievič A., 1939; Dzwonkowski R., 1997; Dzwonkowski R., 1998.

Паведаміць пра недакладнасьць