к, прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. к выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя і мэтавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні кірунку руху або дзеяння ў бок якога-н. прадмета, які ўсведамляецца як прасторавая мяжа ці мэта. (Тое ж, што і да ў 1 знач.) Ісці к сыну. Зваць к сабе. Гнуць к зямлі. Хіліцца к захаду. Шлях к Берасцю.Разам з ветрам, з халадамі думак рой к нам наляціць (Я.Колас). Сялом вясковы гарманіст ідзе к дзяўчатам на вячоркі (У.Хадыка). Праз квартал ім трэба разыходзіцца - Надзі направа, а маме налева - к самай Дзвіне (С.Грахоўскі). Жыта нізка к долу нахіляецца (нар. песня). Пайшоў я назаўтра к пасевам на поле (Я.Купала). Касцы падселі к кусту (К.Крапіва). Ідуць з дзяцьмі малымі на руках к Маскве - матулі роднай - беларусы (А.Астрэйка). Я не паэта, о крый мяне божа! Не рвуся я к славе гэткай німала (Я.Купала). К вясне б маёй хацеў вярнуцца (Я.Колас).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да пэўнай часавай мяжы. Дзень хіліцца к вечару. Зжаць жыта к нядзелі.Схіляецца дзень к надвячорку (Я.Колас). Збіралася к начы на дождж (К.Чорны). К канцу ночы яснее неба (К.Чорны). К зіме шыць на машыне добра ўмела (П.Галавач). К моманту вераломнага нападу нямецкіх фашыстаў на Савецкі Саюз творчасць Лынькова набыла шырокі размах (У.Агіевіч).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да таго, што з'яўляецца матывам, стымулам гэтага дзеяння. (Тое ж, што і да ў 8 знач.) Званілі к абеду. Рыхтавацца к экзамену. Цяга к спакою. Імкненне к волі.К жыццю наш вольны край паўстане (М.Чарот). Клікаў ён народ свой к волі (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці стану, уласцівасці або дзеяння да чаго-н., сувязі ўласцівасці або прыметы з чым-н. (Тое ж, што і да ў 8 знач.) Любоў к Радзіме. Дарога к праўдзе. Зайздрасць к птушкам. След к шчасцю. Прывычны к усяму. Гатовы к бою.Шырай жа к праўдзе дарогу! (К.Крапіва). Ахвота бліжэй к дому быць (С.Грахоўскі).
// Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях - зняважлівых выразах, лаянцы. К чорту! К чортавай матары! Ні к чорту матары.А пайшлі вы к чорту ўсе! (І.Шамякін). Плячом пад кола таркану і к чорту воз перавярну (К.Крапіва). Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! (Я.Колас). Станок ні к чорту матары не варт, рамонту просіць (К.Крапіва). Не малыя ж мы ўжо й самі: рай будуем свой без «папы», і паслалі папу к ... маме - прэч ад нас «святыя» лапы! (К.Крапіва). Ідзі ты к ...! - крыкнуў хмурна мельнік (К.Чорны).

4. Ужываецца пры абазначэнні далучэння да чаго-н., уключэння ў склад чаго-н., сувязі з якой-н. групай, галіной, сферай. (Тое ж, што і да ў 7 знач.) Далучыцца к большасці. Адзін к аднаму. Адносіцца к лагеру прыхільнікаў міру. Сёння мне не хочацца нікуды ісці, ды к таму ж у мяне тэрміновая работа.Усе лісточкі даўно вецер-сівер разнёс, толькі гэты лісток моцна к дрэву прырос (Я.Колас). Каласок к каласку у снапы клапатліва збірае рука (А.Астрэйка). Ды к гэтаму, разумееш, шкадавата пакуль (Ц.Гартны).

IV. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры ўказанні на мэту і прызначэнне дзеяння або прадмета. Такая арганізацыя працы вядзе к павелічэнню грашовых даходаў калгаса. Рыхтавацца к вяселлю. Печыва к гарбаце. Малако к снеданню.Як песня птушкі раніцою к жыццю ўздымае поле, гай, вось так і ты, паэт, спявай, каб вечна песня маладою жыла ў народзе (А.Александровіч).

Паведаміць пра недакладнасьць