ля1, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. ля выражае прасторавыя, аб'ектныя адносіны і адносіны прыблізнасці.
I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.
1. Ужываецца пры абазначэнні прасторавай блізкасці; побач, паблізу каго- ці чаго-н. (Тое ж, што і каля ў 1 знач.) Стол стаіць ля акна. Дэманстранты праходзілі ля трыбуны. Ля берага было халаднавата. Хатка ля станцыі. □ Ля гасцінца, ля дарогі курганок віднее (Я.Купала). Долу гнецца густая трава ля ракі (А.Александровіч). Хай ля кожнае хаты зноў будуць прысады (К.Буйло). Успененыя грэбні хваль з глухім рокатам праносіліся ля бартоў (М.Лынькоў).
// Вакол каго- ці чаго-н. Кот цёрся ля ног. Камары віліся ля галавы. □ Толькі вятры запяваюць навокал і завіваюцца хіжа ля ног (П.Броўка).
II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.
2. Размоўн. і абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, да якога сцвярджаюцца якія-н. адносіны, дачыненне, пачуццё. (Тое ж, што і каля ў 2 знач.) Завіхаўся ля суседкі. Аціраліся ля пакупнікоў. □ Паехаў быў вучоны нештавед аж у Амерыку, за свет, ля Моргана якогась аціраўся, і розуму такога там набраўся, аж нос яго задраўся (К.Крапіва). Ля яе завіхалася заклапочаная дзяўчына (М.Лынькоў).
III. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.
3. Абл. Ужываецца для абазначэння недакладнай, прыблізнай меры чаго-н. (звычайна: некалькі менш якой-н. меры). (Тое ж, што і каля ў 3 знач.) Вёрст ля тысячу мы прайшлі. А ля дваццатага года палякі прыйшлі.
ля2, прыназ. з Р. Абл. Тое ж, што і для. Ды і бацька малады. Ля цябе ён загаруе на адзежу і на хлеб (Ц.Гартны). Мая хата гразна ля такіх людзей! (Е.Раманаў).