Аперэта (італ. operetta - літар. маленькая опера), адзін з відаў музычнага тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва. У 17 - першай палове 19 ст. А. называлі невялікую, звычайна камічную оперу. Як самастойны музычна-тэатральны жанр сфармавалася ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі. У А. вакальныя нумары (арыі песеннага характару, песні, дуэты, хоры) чаргуюцца з танцамі і размоўнымі дыялогамі. Родапачынальнікам А. лічыцца французскі кампазітар Жак Афенбах (1819-1890), які стварыў звыш 100 твораў у гэтым музычным жанры (напр., «Арфей у пекле», 1858; «Чароўная Алена», 1864 і інш.). Выдзяляюцца наступныя разнавіднасці А.: сатырычная французская А. (прадстаўнік - Ж.Афенбах); пранізаная стыхіяй вальсу венская А. (І.Штраўс - сын, Ф.Зупе); узбагачаная вугорскімі танцавальнымі рытмамі новая венская А. (Ф.Легар, І.Кальман). У сярэдзіне 19 ст. словам А. часам называў свае п'есы В.Дунін-Марцінкевіч, у супрацоўніцтве з якім С.Манюшка стварыў свае А. «Рэкруцкі набор», «Ідылія» і інш.

У Беларусі ў 1920-1930-я г. былі створаны блізкія да А. музычна-камедыйныя творы («Каваль-ваявода», «Простыя сэрцы», «Цудоўная дудка» і інш.), а пастаноўкі «Кухня святасці» Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова (1940) сучаснікамі вызначаліся як «першыя савецкія А.». У 1960 - першай палове 1990-х г. шмат выдатных узораў мастацтва А. стварылі такія вядомыя беларускія кампазітары, як Ю.Семяняка («Рабінавыя каралі», «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання» і інш.), Р.Сурус («Несцерка», «Судны час»), А.Мдывані («Дзяніс Давыдаў»), Я.Глебаў («Мільянерка»), У.Кандрусевіч («Джулія»). У 1970 у Менску быў створаны Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь, дзе пастаўлены многія А. Яркія, запамінальныя сцэнічныя вобразы ствараюць вядучыя беларускія майстры Н.Гайда, Г.Казлоў, А.Кузьмін, В.Мазур, А.Ранцанц і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць