Опера (ад італ. opera - твор, выраб), жанр музычна-драматычнага мастацтва; музычна-тэатральны твор, заснаваны на сінтэзе драматургіі, музыкі, слова, выяўленчага мастацтва (дэкарацыі, касцюмы), харэаграфіі (балет). Літаратурная аснова О. (лібрэта) увасабляецца сродкамі музычнай драматургіі і ў першую чаргу ў формах вакальнай музыкі. Складаецца з выпрацаваных у ходзе развіцця оперных форм: арый, рэчытатываў, ансамбляў, хораў, уверцюр, балетных нумароў і інш. Па сваім змесце О. могуць быць камедыйныя, драматычныя, трагедыйныя, гістарычныя, філасофскія і інш. Вытокі музычнага тэатра - у старажытных народных святах, ігрышчах. Як самастойны жанр сфармавалася ў Італіі на мяжы 16-17 ст. Вышэйшага росквіту дасягнула ў Італіі (з 17 ст.), Францыі, Англіі, Германіі (з 18 ст.), Расеі (з 19 ст.). Некаторыя віды О. звязаны з пэўнай нацыянальнай культурай і эпохай: напр., італьянскія «опера-серыя» і «опера-буфа», французская «вялікая опера», нямецкі і аўстрыйскі «зінгшпіль» і інш. Буйнейшымі рэфарматарамі опернага мастацтва былі К.В.Глюк, В.А.Моцарт і Р.Вагнер. У першай палове 19 ст. ў нацыянальных оперных школах замацаваўся рамантызм. Класічныя ўзоры опернага рэалізму стварылі Дж.Вердзі і Ж.Бізэ. Музычныя плыні канца 19 - пачатку 20 ст. прадстаўлены і ў оперным мастацтве (імпрэсіянізм, экспрэсіянізм). Да ліку найбольш яркіх узораў О. адносяцца творы Дж.Пучыні, П.Чайкоўскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, С.Рахманінава, К.Орфа, Дж.Гершвіна, І.Стравінскага, Б.Брытэна, Л.Бернстайна і інш.

На тэрыторыі Беларусі пачатак опернаму мастацтву быў закладзены ў канцы 18 ст. Важнай вехай у станаўленні нацыянальнай О. стала творчая дзейнасць С.Манюшкі - оперы «Сялянка» («Ідылія», паст. 1852), «Галька» (паст. 1856). У 1920-1930-я г. найбольш вядомымі былі О. «Тарас на Парнасе» М.Аладава, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага, «Кветка шчасця» А.Туранкова і інш. У 1933 быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, на сцэне якога пастаўлена мноства яркіх твораў сусветнага і нацыянальнага опернага мастацтва. Адбылося жанравае ўзбагачэнне беларускага опернага мастацтва, былі створаны высокамастацкія, яркія творы на гістарычную і філасофска-маральную тэматыку - О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), «Зорка Венера» Ю.Семянякі (1970), ««Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980) і інш. У Беларусі меліся і ўзоры такіх рэдкіх жанраў, як тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера (1967), радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (1979), дзіцячая опера В.Войціка «Вясновая песня» (1993). На працягу 1980-90-х г. з'явіліся і арыгінальныя беларускія нацыянальныя О. - «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Францыск Скарына» Дз. Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць