Буйніцкі Ігнат (1861-1917), беларускі тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра. Скончыў Рыжскую землямерную навучальню, вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні. З 1905 наладжваў беларускія вечарынкі. У 1907-1913 кіраўнік і пастаноўшчык большасці спектакляў Першай беларускай трупы. Адзін з ініцятараў арганізацыі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (1917). Б. далучаў да тэатральных пастановак таленавітых выканаўцаў-сялян, арганізоўваў аматарскія гурткі. Шмат гастраляваў па Беларусі і замежжы. Падчас выступленняў, вандраванняў збіраў для тэатральных пастановак запісы беларускіх песень, танцаў, узоры народнага аддзення, арнаменту, размалёўкі і інш. Падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. Першы ў Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэтычныя магчымасці беларусакага народнага танца, падняў яго да ўзроўню высокага мастацтва. Б. ставіў і тэмпераментна, па-майстэрску выконваў многія беларускія народныя танцы. Як акцёр выступаў у разнапланавых ролях (ад камедыйных да драматычных): Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), «Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца) і інш. Выступаў таксама як неардынарны чытальнік прозы і паэзіі, спявак (сола і ў хоры). Яшчэ пры жыцці Б. называлі «бацькам беларускага тэатра». Заклаў асновы сучаснага беларускага тэатральнага мастацтва. Творчую дзейнасць Б. скіроўваў на адраджэнне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры, мовы, паглыблене нацыянальнай самасвядомасці народа. З 1992 прысуджаеца прэмія Б. ў галіне тэатральнага мастацтва.

Паведаміць пра недакладнасьць