Тэатр (ад грэч. theatron - месца для відовішчаў), род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з'ўляецца сцэнічнае дзеянне, што ўзнікае ў працэсе гульні акцёра перад публікай. Гарманічна аб'ядноўвае ў сабе розныя віды мастацтва - літаратуру (у форме драмы), музыку, харэаграфію, дэкаратыўнае мастацтва. Твор сучаснага Т. - спектакль - ствараецца на аснове драматычнага ці музычна-сцэнічнага твора ў адпаведнасці з задумай рэжысёра і пад яго кіраўніцтвам сумеснымі намаганнямі акцёраў, мастакоў, дэкаратараў, сцэнографаў і інш. Спецыфіка Т. патрабуе эмацыянальна-духоўнага адзінства акцёраў і гледачоў, наяўнасці агульных інтарэсаў паміж стваральнікамі спектакля і публікай. З'яўляецца адным з найбольш старажытных відаў мастацтва. Генезіс тэатральнага мастацтва быў шчыльна звязаны са старажытнымі народнымі святамі, абрадамі, звычаямі, рытуаламі (прычым яшчэ дахрысціянскага, язычніцкага паходжання). Значны ўплыў на станаўленне і развіццё эўрапейскага тэатральнага мастацтва аказаў Т. Старажытнай Грэцыі (пастаноўкі трагедый Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда, камедый Арыстафана і інш.). У 5 ст. да н.э. ўзнік мім. Носьбітамі народнага тэатральнага мастацтва былі эўрапейскія вандроўныя акцёры - гістрыёны, жанглёры, скамарохі. Пашыранымі жанрамі сярэднявечнага Т. былі міракль і містэрыя. З эпохі Адраджэння Т. стаў літаратурным (драмы Ў.Шэкспіра, М.Сервантэса, П.Кальдэрона і інш.), пачалі адасабляцца яго розныя віды - опера, пазней балет, аперэта. Развілася аўтарская рэжысура, узніклі шматлікія прыдворныя Т. Новы пад'ём Т. звязаны з распаўсюджаннем класіцызму (драматургія П.Карнеля, Ж.Расіна, Ж.Б.Мальера). У другой палове 18 ст. Т. стаў выразнікам ідэй Асветніцтва. У першай палове 19 ст. пачаў пашырацца рамантызм (творы В.Гюго, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Э.Т.А.Гофмана і інш.). З сярэдзіны 19 ст. дамінуючым стаў рэалізм (І.В.Гётэ, Г.Ібсен, А.Стрындберга, Г.Гаўптмана, А.Чэхава і інш.). У канцы 19 ст. узнік сімвалізм (М.Метэрлінк, Э.Верхарн і інш.). У 20 ст. тэатральнае мастацтва вызначалася ўзнікненнем і плённым развіццём новых кірункаў і стыляў (экспрэсіянізм, дадаізм, сюррэалізм і інш.), пошукамі новых метадаў і сродкаў мастацкага самавыяўлення. Адной з найбольш важных асаблівасцей Т. стала тое, што менавіта рэжысёр (а не акцёр і не аўтар п'есы, як у ранейшыя стагоддзі) пачаў адыгрываць вядучую ролю. Сфармаваўся такі адмысловы кірунак тэатральнага мастацтва, як абсурду драма (С.Бекет, Э.Іянеска). Сярод буйнейшых тэатральных рэжысёраў - Б.Брэхт, К.Станіслаўскі, У.Мейерхольд, П.Брук, М.Бежар, Е.Гратоўскі і інш.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва - у старажытных народных святах, абрадах, рытуальных дзеяннях, карагодах, гульнях. Першымі прафесійнымі беларускімі акцёрамі былі скамарохі, якія выступалі ва ўсіх відах фальклорнага Т. У 16 ст. ўзнік лялечны Т. - батлейка. З 17 ст. вядома народная драма, якая сінтэзавала ўсе формы народнага Т. і атрымала пашырэнне ў наступныя стагоддзі. Унікальнай з'явай быў т.зв. «прыгонны тэатр», які складаўся з асабіста залежных ад феадалаў сялян. У першай палове 18 ст. пачалі дзейнасць прыватныя гарадскія і маёнткавыя Т., некаторыя з якіх (Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, тэатры ў Слуцку, Слоніме, Магілеве і інш.) дасягнулі прафесійнага ўзроўню. У сярэдзіне 19 ст. рабіліся спробы стварыць беларускую прафесійную драматургію і нацыянальны Т. (пастаноўка спектакля «Сялянка», 1852, у якім было сінтэзавана драматычнае, вакальнае і танцавальнае мастацтва). У пачатку 20 ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі ўзнікненнню першага прафесійнага тэатра ў Беларусі - Першай беларускай трупы І.Буйніцкага. Значны ўклад у развіццё Т. ўнеслі створаныя ў 1917 Першае беларускае таварыства драмы і камедыі і ў 1920 - Беларускі дзяржаўны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы). Самабытнасцю вызначаўся вандроўны творчы калектыў, які ў 1920 быў створаны Ў.Галубком. У 1920-я г. беларускі Т. развіваўся ў рэчышчы палітыкі беларусізацыі. У 1933 быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі. У 1930-я г. многія тэатральныя дзеячы падпалі пад рэпрэсіі, пераследаванні, у 1937 расфармаваны Трэці беларускі тэатр. У той жа час узнікалі новыя калектывы ў абласных цэнтрах, а таксама калгасна-саўгасныя Т. У даваенны перыяд сярод найбольш удалых пастановак былі п'есы пра гістарычнае мінулае («Бацькаўшчына» К.Чорнага, «У пушчах Палесся» Я.Коласа і інш.), на тэмы фальклору («Несцерка» В.Вольскага), пастаноўкі класічнай драматургіі («Паўлінка» Я.Купалы, «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Скупы» Ж.Б.Мальера і інш.). Сапраўднай падзеяй стала пастаноўка сатырычнай камедыі К.Крапівы «Хто смяецца апошнім». Пасля вайны пашырыліся стылявыя пошукі, абнаўлялася і ўзбагачалася вобразная палітра спектакляў. Дабратворны ўплыў на тэатральнае мастацтва аказала ў 1960-1990-я г. драматургія А.Макаёнка, У.Караткевіча, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, А.Дударава і інш. Плённа працавалі майстры старэйшага пакалення (Г.Макарава, С.Станюта, З.Стома і інш.), прыйшло новае пакаленне таленавітых акцёраў (Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, М.Захарэвіч, Л.Давідовіч і інш.) і рэжысёраў (І.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін). У канцы 20 ст. атрымалі пашырэнне мастацкія пошукі, творчыя эксперыменты, узмацніліся авангардысцкія, постмадэрнісцкія тэндэнцыі ў тэатральным мастацтве.

Паведаміць пра недакладнасьць