Музыка (ад грэч. musike - літар. мастацтва муз), від мастацтва, у якім сродкам адлюстравання рэчаіснасці, увасаблення мастацкіх вобразаў і ўздзеяння на чалавека служаць пэўным чынам арганізаваныя музычныя гукі. Асноўныя элементы і выразныя сродкі М. - лад, рытм, метр, мелодыя, тэмп, гармонія і інш. Фіксуецца ў нотным запісе і рэалізуецца ў працэсе выканання. Падзяляецца на роды і віды - тэатральная (опера, балет і г.д.), сімфанічная, камерная і інш.; на жанры - песня, харал, танец, марш, сімфонія, сюіта, саната і інш.; выдзяляецца таксама свецкая і духоўная (пераважна культавая) М. Па выканаўчым сродкам падзяляецца на вакальную (спевы), інструментальную і вакальна-інструментальную. М. часта спалучаецца з харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, кінамастацтвам. Адрозніваюць М. аднагалосную (манодзія) і шматгалосную (паліфанія). Як самастойны від мастацтва М. зарадзілася яшчэ ў першабытным грамадстве. Музычная культура першых цывілізацый свету (Эгіпет, Месапатамія, Індыя, Кітай, Грэцыя) характарызавалася дзейнасцю прафесійных музыкантаў, якія выступалі пры дварах мясцовах кіраўнікоў, падчас грамадскіх святкаванняў, масавых абрадавых дзействаў. У эпоху Сярэднявечча для М. былі характэрны строгая традыцыйнасць, кананічнасць, калектыўнасць, слабое выяўленне індывідуальнага пачатку. У эпоху Адраджэння ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе на аснове ідэалогіі гуманізму расквітнела свецкае мастацтва, якое вызначалася большай свабодай ад кананічных нормаў, узрастаннем творчай індывідуальнасці. На працягу 17-20 ст. кампазітарская творчасць развівалася пад уплывам і ў рэчышчы розных мастацкіх стыляў, кірункаў - барока, класіцызм, ракако, рамантызм, рэалізм, імпрэсіянізм, авангардызм і інш. Атрымалі шырокае распаўсюджанне опера і балет. З сярэдзіны 19 ст. у Заходняй Эўропе фармуецца новы музычна-тэатральны жанр аперэта; у прафесійнай творчасці выдзяляецца самастойная лінія «лёгкай» (побытавай, танцавальнай) М., нараджаецца забаўляльная эстрадная М. Найбольш яркімі, таленавітымі кампазітарамі 18-20 ст. з'яўляліся І.С.Бах, В.А.Моцарт, Л.ван Бетховен, Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Э.Грыг, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні, Р.Вагнер, П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, Р.Штраўс, Г.Малер, І.Стравінскі, А.Шонберг, Б.Брытэн, С.Пракоф'еў, Дз.Шастаковіч, Л.Бернстайн, Дж.Гершвін і інш. У 20 ст. ўзніклі і атрымалі шырокае распаўсюджанне такія новыя музычныя кірункі, плыні, віды мастацтва, як джаз, рок-музыка, поп-музыка.

Вытокі беларускага музычнага мастацтва - у народнай творчасці ўсходніх славян. Першымі носьбітамі музычнага прафесіяналізму былі скамарохі, музыкі (лірнікі, дудары, гусляры, цымбалісты, скрыпачы і інш.), а таксама музыканты ў храмах і манастырах. У эпоху Сярэднявечча атрымала пашырэнне царкоўная музыка. Асяродкамі царкоўнай і свецкай музычнай культуры 16-17 ст. былі брацкія школы, музычныя буры пры калегіумах і кляштарах, якія мелі капэлы, тэатры, ставілі спектаклі. У 18 - пачатку 19 ст. значную ролю ў фармаванні прафесійнага кампазітарскага і выканальніцкага мастацтва адыгралі магнацкія тэатры, капэлы, балетныя і музычныя школы, дзе пераважна працавалі запрошаныя з заходнеэўрапейскіх краін кампазітары, дырыжоры, спевакі. Пры народных навучальнях, прыходскіх школах ствараліся хары, у гарадах і мястэчках - музычна-драматычныя гурткі, якія ладзілі беларускія вечарынкі. У 1920-1930-я г. разгарнулі актыўную творчую дзейнасць кампазітары М.Чуркін, М.Аладаў, Я.Цікоцкі, М.Анцаў, Р.Пукст, А.Туранкоў, В.Яфімаў і інш. У другой палове 20 ст. узрасла цікавасць кампазітараў да маральна-філасофскай праблематыкі, адбываліся якасныя змены, часам апазіцыйныя да традыцый і папярэдніх жанравых і стылявых нарматываў, што выявіліся, напр., у творчасці Л.Абеліёвіча, Я.Глебава, С.Картэса, Дз.Смольскага, А.Янчанкі і інш. У жанры аперэты і мюзікла актыўна працавалі Ю.Семяняка, Р.Сурус, У.Кандрусевіч, Я.Глебаў, А.Мдывані і інш. Шмат увагі беларускія кампазітары надаюць тэатральнай музыцы і кінамузыцы. Праводзяцца шматлікія музычныя міжнародныя і нацыянальныя фестывалі, у т.л. «Беларуская музычная восень», «Менская вясна», «Славянскі кірмаш», Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і інш. З 1980-х г. пачала актыўна развівацца поп-музыка і рок-музыка. У галіне эстраднай музыкі адбываліся якасныя змены, выкліканыя зваротам да фальклорных крыніц, асаблівасцямі сучаснай манеры выканання, узаемаўплывамі розных жанраў («Песняры», «Сябры», «Верасы» і інш.). Найбольш плённа ў жанры песні працуюць кампазітары І.Лучанок, У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, Ю.Семяняка, Э.Ханок, І.Палівода, А.Елісеенкаў і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць