Мейерхольд Усевалад Эмільевіч (1874-1940), расейскі рэжысёр, акцёр, педагог. Адзін з буйных рэфарматараў тэатра 20 ст. Народны артыст Расеі (1923). Вучыўся ў гімназіі, Маскоўскім універсітэце, Музычна-драматычнай навучальні Маскоўскага філарманічнага таварыства. Працаваў у Маскоўскім мастацкім тэатры, быў галоўным рэжысёрам тэатра В.Камісаржэўскай (Санкт-Пцярбург). Развіваў сімвалічную канцэпцыю «умоўнага тэатра» («Сястра Беатрыса» М.Метэрлінка і «Балаганчык» А.Блока, 1906). У 1908-1917 у пецярбургскіх імператарскіх тэатрах. Сцвярджаў прынцыпы «тэатральнага традыцыяналізму», імкнуўся вярнуць тэатру яркасць і святочнасць («Дон Жуан» Мальера, 1910; «Маскарад» М.Лермантва, 1917 і інш.). Распрацаваў асобую метадалогію акцёрскага трэнажа - біямеханіку, якая дазваляла ісці ад знешняга да ўнутранага, ад дакладнага руху і інтанацыі да эмацыянальнай праўды. Пасля 1917 узначаліў рух «Тэатральнага Кастрычніка», прапанаваў праграму поўнай пераацэнкі эстэтычных каштоўнасцей, палітычнай актывізацыі тэатра. У 1920-1938 кіраваў тэатрам у Маскве (з 1923 Тэатр імя Ў.Мейерхольда) і школай, якая існавала пры ім. Паставіў спектаклі «Містэрыя-буф» (1918, 1921) і «Клоп» (1929) У.Маякоўскага, «Лес» (1924) А.Астроўскага, «Рэвізор» (1926) М.Гогаля, «Дама з камеліямі» (1934) А.Дзюма-сына і інш. Зрабіў пастаноўку «Пікавай дамы» (1935) П.Чайкоўскага ў Ленінградскім оперным тэатры. Зняў некалькі кінафільмаў («Партрэт Дарыяна Грэя», 1915; «Моцны чалавек», 1916). Апублікаваў кнігу «Аб тэатры» (1913), выдаваў часопіс «Любоў да трох апельсінаў». У 1939 рэпрэсаваны, пазней расстраляны ў турме. Для творчасці М. ўласцівы ўскладненая сімвалічнасць, метафарычнасць, паэтычная абагульненасць, часам схільнасць да гіпербалізацыі, гратэску, своеасаблівай карнавалізацыі. Творчая спадчына М. аказала прыкметны ўплыў на развіццё тэатральнага і кінамастацтва ў свеце.

Паведаміць пра недакладнасьць