Станюта Стэфанія (1905-2000), беларуская актрыса. Народная артыстка Беларусі (1957), народная артыстка СССР (1988). Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1919 у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі. З 1932 у Нацыянальным тэатры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных, камедыйных і драматычных роляў. Стварыла шэраг народных характараў, дзе выявіла ў сваіх гераінь мудрасць, жыццядзейнасць, шчодрасць і чалавечнасць, сувязь з роднай зямлёй: Марыля і Паланея («Раскіданае гнязло» і «Прымакі» Я.Купалы), Алена («Салавей» З.Бядулі), Рыпіна («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава) і інш. Сярод найбольш яркіх роляў камедыйна-сатырычнага і драматычнага плану - Зёлкіна («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), «Куліна Чарнушка» («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Арына Радзівонаўна («Верачка» А.Макаёнка), Шарлота («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эліза («Скупы» Мальера), Дыяна («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэга), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.Фермо) і інш. Яе творчай манеры ўласцівы шырыня дыяпазону, схільнасць да глыбокага псіхалагічнага раскрыцця і вострасатырычнай абмалёўкі вобраза, арганічнае спалучэнне гратэску і эмацыянальнасці з натуральнасцю сцэнічных паводзін. Здымалася ў кінафільмах «Родная справа», «Развітанне», «Чужая вотчына», «Белыя Росы» і інш., тэлефільмах «Мы - хлопцы жывучыя», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1982.

Паведаміць пра недакладнасьць