Вайда Анджэй (н. 1926), польскі рэжысёр тэатра і кіно. Вучыўся ў Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Кракаве. У 1954 скончыў рэжысёрскае аддзяленне Вышэйшай школы кінематаграфіі і тэатральнага мастацтва ў Лодзі, выкладаў у ёй на рэжысёрскім аддзяленні. Яго першыя поўнаметражныя фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1957), «Попел і алмаз» (1958) паклалі пачатак т.зв. «польскай школе кіно» і зрабілі В. яе прызнаным лідэрам. Трагізм гісторыі і асобных чалавечых лёсаў вызначае гучанне фільмаў «Пейзаж пасля бітвы» (1970), «Беразняк» (1971), «Без наркозу» (1978), «Корчак» (1990). Ад гістарычных сюжэтаў перайшоў да прамога выкрывання «камуністычнай сістэмы» («Чалавек з мармуру» 1976; «Чалавек з жалеза», 1981) і рэвалюцыйнай практыкі («Дантон», 1983). Неаднаразова экранізаваў польскую і сусветную літаратурную класіку - «Сібірская лэдзі Макбет» (1961, паводле М.Ляскова), «Попел» (1965, паводле С.Жэромскага), «Зямля запаветная» (1974, паводле В.Рэйманта), «Д'яблы» (1988, паводле Ф.Дастаеўскага), «Пан Тадэвуш» (1999, паводле А.Міцкевіча) і інш. Для рэжысёрскай практыкі В. характэрны сувязь з традыцыямі польскага рамантызму, спалучэнне напружанага драматызму і экспрэсіі з глыбокім лірызмам і глыбокай псіхалагічнай распрацоўкай характараў. Фільмы В. адзначаны ўзнагародамі на многіх міжнародных кінафестывалях, атрымлівалі прэстыжныя прэміі. Шмат працуе ў тэатры і на тэлебачанні.

Паведаміць пра недакладнасьць