Мікеланджэла Буанароці (1475-1564), італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар і паэт. Яшчэ пры жыцці М. яго творы лічыліся найвышэйшымі дасягненнямі мастацтва Адраджэння. З 1488 быў вучнем мастакоў братоў Гірландайё. Творчасць М. была прысвечана праслаўленню мужнага, фізічна і духоўна моцнага чалавека. Лічыў сябе найбольш шчаслівым тады, калі займаўся скульптурай, бо менавіта скульптуру ён ставіў вышэй за ўсе іншыя віды мастацтва. Яго творчы метад - не звычайная лепка статуі ў «чарнавіку» з гліны, а праца адразу з глыбай мармуру, ад якой трэба адсекчы толькі ўсё лішняе і пакінуць самае неабходнае. Адна з самых знакамітых і найбольш грандыёзных прац М. - роспіс скляпення Сіксцінскай капелы ў Ватыканскім палацы (1508-1512). Ён самастойна, на працягу чатырох гадоў зрабіў роспіс (агульнай плошчай каля 600 кв.м.), дзе знайшлі адлюстраванне шматлікія сцэны з Бібліі, выявы прарокаў і сівіл. Гэты твор, які складаўся амаль з 200 фігур і фігурных кампазіцый, з'явіўся сапраўдным гімнам чалавечаму жыццю, прыгажосці, мудрасці і гераізму чалавека. М. стварыў адну з самых вядомых скульптур у свеце - статую Давіда (1504; вышыня - 5,5 м.), якая была высечана з адной мармуровай глыбы. У канцы жыцця ён зноў вярнуўся да працы ў Сіксцінскай капэле і стварыў яшчэ адзін грандыёзны і трагічны твор - «Страшны суд». Жыццё і творчасць М. увасаблялі сабой найвышэйшы ўзлёт і адначасова пачатак заняпаду эўрапейскага Адраджэння. Аўтар многіх вершаваных твораў.

Паведаміць пра недакладнасьць