Рафаэль Санці (1483-1520), італьянскі мастак, архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Дж.Санці, у П.Перуджына. Быў галоўным архітэктарам сабора Св. Пятра, кіраваў археалагічнымі раскопкамі ў Рыме, займаўся аховай антычных помнікаў. Яго мастацтва нярэдка вызначаюць як сапраўдную «залатую сярэдзіну», бо яго кампазіцыі пераўзыходзяць усё, што створана ў эўрапейскім жывапісе, сваёй абсалютнай гармоніяй, эстэтычнай дасканаласцю. У гісторыю сусветнай мастацкай культуры Р. увайшоў найперш як стваральнік шматлікіх «Мадоннаў» - «Мадонна Конестабіле», «Мадонна ў зелені», «Мадонна ў крэсле» і інш. Аднак сапраўдная вяршыня яго творчасці - алтарная кампазіцыя «Сіксцінская Мадонна» (1516), створаная для бенедзікцінскага кляштара. Сярод манументальных прац Рафаэля - роспісы ватыканскіх апартаментаў Папы Рымскага (тут мастаку дапамагалі яго вучні). Яго фрэскі ў Ватыканскім палацы прысвечаны розным праблемам багаслоўя, філасофіі, паэзіі і правасуддзя. У карцінах і фрэсках Р. - ідэальна-узвышанае выяўленне хрысціянскіх вобразаў, антычных міфаў і чалавечай гісторыі. У жывапісе і архітэктуры творы Р. апошніх гадоў яго жыцця паслужылі адпраўной кропкай для майстроў наступнага этапу развіцця італьянскага мастацтва - маньерызму. Творчасць Р. зрабіла вялікі ўплыў на эўрапейскі жывапіс 16-19 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць