«Ролінг Стоўнз» (Rolling Stones - літар. «камяні, якія коцяцца»), ангельская рок-група. Створана ў 1962 г. у Лондане. Больш-менш актыўна выступае да сённяшняга часу. У першы ўсклад уваходзілі вакаліст М.Джагер (н. 1943), гітарысты К.Рычард (н. 1943) і Б.Джонс (1942-1969), піяніст І.Сцюарт (1938-1985), пазней прыйшлі Б.Уаймен (бас-гітара), Ч.Уотс (ударныя). Дэбютавалі ў 1962, першы альбом пад назвай «Rolling Stones» выйшаў у 1964. У другой палове 1960-х г. атрымала міжнароднае прызнанне; росквіт спелага майстэрства прыйшоўся на 1970-я г. У пачатку 1990-х г. музыканты групы, якія даўно сталі культавымі фігурамі, зрабілі беспрэцэдэнтнае турнэ за ўсю гісторыю існавання рок-музыкі. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважалі творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс, а з канца 1960-х - г. толькі ўласныя песні. Выконваюць рознастылёвыя песні - ад кантры да блюза. Музыка «Р.С.» вызначаецца арыгінальнасцю гучання, моцнай энергетыкай, насычанай эмацыянальнасцю, бунтарскімі паводзінамі і тэкстамі песень, гарманічным зліццём непаўторнага голасу Джагера і запамінальных гіпнатычных рытмаў. Група з'яўляецца лідэрам сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў і адзіным калектывам, які працягвае выступаць і рабіць запісы на працягу чатырох дзесяцігоддзяў.

Паведаміць пра недакладнасьць