Стаіцызм (ад грэч. stoa - порцік, ці галерэя з калонамі ў Афінах, дзе вучыў заснавальнік С. грэчаскі філосаф Зянон), кірунак антычнай філасофіі. Паводле С., усе людзі з'яўляюцца роўнымі, усе яны імкнуцца да шчасця, шлях да якога перакрываюць чалавечыя афекты, страсці. Таму ідэальным, найлепшым станам для чалавека можа быць бясстраснасць, або т.зв. «апатэйя» (раўнадушша да багацця, сацыяльнага становішча, нават здароўя), а таксама следаванне прыродзе і свайму ўласнаму розуму. Сусвет успрымаўся стоікамі як адзінае жывое цела, запоўненае дыханнем (пнеўмай). Прадстаўнікі С. (Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій і інш.) разглядалі філасофію як вучэнне аб дасягненні маральнага ідэала, унутранай духоўнай свабоды і шчасця, дзеля чаго неабходна змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад усякіх мірскіх спакусаў (напр., багацця, знатнасці, ушанаванняў). С. аказаў прыкметны ўплыў на станаўленне ранняга хрысціянства.

Паведаміць пра недакладнасьць