Хрысціянства, адна з трох сусветных рэлігій (разам з ісламам і будызмам). У адрозненне ад політэізму язычніцтва, Х. з'яўляецца монатэістычнай рэлігіяй, у якой Бог выступае вышэйшым абсалютам, што стварыў усё з нічога (у т.л. і чалавека па свайму «вобразу і падабенству»). У цэнтры хрысціянскай дагматыкі - уяўленні пра трыадзінства Бога і пра богаўвасабленне, вера ў Ісуса Хрыста як Богачалавека, Выратавальніка чалавецтва. Далучэнне вернікаў да Боскай ласкі ажыццяўляецца праз удзел у таінствах. Крыніца веравучэння Х. - Свяшчэннае Паданне; галоўным у ім з'яўляецца Свяшчэннае Пісанне (Біблія, і асабліва Новы Запавет); таксама важнае значэнне маюць іншыя часткі Свяшчэннага Падання («Сімвал веры», рашэнні Ўсяленскіх і некаторых памесных сабораў, асобныя творы айцоў царквы і інш.). Узнікла ў 1 ст. н.э. ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі (сярод жыдоў Палесціны). Спачатку першыя хрысціяне падвяргаліся моцным ганенням з боку язычнікаў, аднак у пачатку 4 ст. Х. стала дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі, Візантыі. Да канца 1-га - пачатку 2-га тыс. практычна ўся Эўропа была хрысціянізавана. Фармаванне хрысціянскай царквы як асобай арганізацыі адбывалася на працягу першых стагоддзяў нашай эры. У гэты перыяд ішоў працэс утварэння т.зв. «кліра» (свяшчэннаслужыцеляў) у супрацьвагу міранам (простым вернікам). У 4 ст. зарадзілася манаства, якое адыграла ў пазнейшы час прыкметную ролю ў захаванні і развіцці эўрапейскай культуры. На працягу першай паловы 1-га тыс. вялося мноства багаслоўскіх спрэчак, што ў выніку прыводзіла да ўзнікнення розных сектаў, напрамкаў і кірункаў у Х. У выніку схізмы (падзелу цэркваў) Х. у 1054 канчаткова раскалолася на праваслаўе і каталіцызм. З каталіцызму ў ходзе Рэфармацыі ў 16 ст. выдзяліўся пратэстантызм. У сучасны перыяд з'яўляецца самай масавай сусветнай рэлігіяй (па некаторых падліках, іх агульная колькасць складае каля 1,7-1,8 млрд. чал. У Беларусі Х. усталёўвалася ў працяглай барацьбе з язычніцтвам. Яно пачало распаўсюджвацца ў выглядзе ўсходняга, візантыйскага абраду з канца 10-11 ст., а потым і заходняга, рымскага абраду. Яго пашырэнне адбывалася пераважна мірным, эвалюцыйным шляхам, а не метадамі насілля, як, напр., у Кіеве ці Ноўгарадзе («агнём і мячом»). Першымі Х. прынялі вышэйшыя саслоўі (баяры і дружына), пазней - гараджане і сяляне. Аднак значная частка насельніцтва (пераважна сялянства) або яшчэ доўга захоўвала старыя язычніцкія вераванні, або павярхоўна ўспрымала хрысціянскую веру. Х. садзейнічала ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці, развіццю розных відаў культуры, наладжванню сувязей з хрысціянскімі краінамі, спрыяла пашырэнню пісьменства, перакладаў кніг з грэчаскай мовы, пачатку летапісання і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць