Фетышызм (франц. fetisce ад партуг. - амулет, чарадзейства), вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых самім чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і пакланенне ім. Узнік у глыбокай старажытнасці, у перыяд першабытнаабшчыннага грамадства. Выяўляўся ў тым, што фетышы надзяляліся цудадзейнай здольнасцю наўмысна ўплываць на жыццё людзей. Праявы Ф. ўласцівы, хоць і не ў аднолькавай ступені, усім рэлігіям - ад прымітыўных да самых складаных (шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, чорнага каменя ў Меццы ў ісламе, выявы Буды і святых у будызме і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з'яўляюцца вера ў амулеты, талісманы. На беларускіх землях доўга захоўваліся разнастайныя павер'і, звязаныя, напр., са здольнасцямі асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вялікую энергію і магічную сілу. У мінулым нашы продкі пакланяліся камяням, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, прыносілі да іх невялікія ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл). Асобныя «свяшчэнныя камяні» нават мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Паводле старажытных беларускіх павер'яў, камяні быццам бы ў глыбокай старажытнасці былі жывымі істотамі, маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і да т.п. Фетышысцкія ўяўленні адлюстраваліся ў беларускай народнай творчасці (песнях, казках, легендах і паданнях).

Паведаміць пра недакладнасьць