Амельляновіч Алесь (30.09.1928, в. Гулі Пастаўскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мядзельскі р-н Менскай вобл.)), сябра Пастаўскай групы паваеннай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1954.

Бацька А. быў адным з энтузіястаў, што пры т.зв. «тых саветах» у 1940 годзе браў удзел у стварэньні калгасу. Пад час нямецкае акупацыі ён падаў пэтыцыю, каб забраць сваю зямлю назад. За гэта па вяртаньні ў 1944 саветаў быў кінуты ў вязьніцу. Загінуў у 1948 годзе ў лягеры ў Кемераўскай вобл.

Пачатковую адукацыю А. атрымаў за польскім часам у школе, што месьцілася ў в. Слабада. «Сярод вяскоўцаў вельмі цанілася адукацыя. Як ня цяжка было, але кожная сям'я імкнулася калі ня ўсім, то аднаму-двум дзецям даць больш-менш прыстойную па тых мерках адукацыю. Але ўсё ішло ў ход, каб нас апалячыць. Усё ў нашай Слабадзкой школе выкладалася па-польску. Нам забаранялася ў школьных сьценах размаўляць па-свойму», - узгадвае А. [2, 247].

Па прыходзе Чырвонай Арміі ў 1940 годзе А. пайшоў у савецкую школу ў той жа Слабадзе. «Не скажу, што школа ў той час была сапраўды нацыянальная. Хоць былі настаўнікі, шчырыя беларусы, якія выкладалі прадметы па-беларуску», - кажа А. [2, 249].

Да пачатку вайны А. скончыў тут 5 клясаў. Яшчэ два гады ў Кабыльніцкай школе давялося давучвацца ўжо ўва ўмовах нямецкай акупацыі. Зь верасьня 1943 ён стаў вучыцца ў настаўніцкай сэмінарыі, што адкрылася ў Паставах. Тут А. быў залічаны ў СБМ. «Саюз Беларускай Моладзі стаўся для нас толькі свойскім, патрыятычным аб'яднаньнем, дзе нас вучылі любіць Беларусь, родную зямлю. У нас толькі-толькі закладаліся асновы нацыянальнай самасьвядомасьці, самапавагі. Ужо з гэтай прычыны мы проста не былі прыдатныя, каб стаць носьбітамі якога б там ні было нацыянальнага эгаізму, тым болей такой яго скрайняй формы, як фашызм», - успамінае А. [2, 250].

Пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў 1 верасьня 1944 у Паставах была адкрытая пэдагагічная навучальня, куды А. прымаюць на другі курс, паколькі за плячыма была ўжо вучоба ў сэмінарыі. Сышоўся са студэнцкім аб'яднаньнем навучэнцаў-падпольшчыкаў, што ўжо існавала тутака. «8 сакавіка на кватэры нашай аднакурсьніцы Ніны Асіненкі, куды мяне запрасіў Мікола Асіненка, я даведаўся, што ў пэднавучальні створаная нелегальная моладзевая арганізацыя. Мэты яе - бараніць родную мову, культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць», - узгадвае А. [2, 251].

А. спрычыніўся да яе дзейнасьці. Па сканчэньні пэднавучальні ён паводле накіраваньня, з дыплёмам настаўніка, трапіў у школу ў в. Сваткі Мядзельскага р-ну. Далей А. меркаваў паступіць у ВНУ на завочнае аддзяленьне.

Арыштаваны органамі МГБ па т.зв. справе «Мядзельца-Асіненкі» 26.02.1947 году на працоўным месцы. А. быў засуджаны Менскім ваенным трыбуналам паводле арт. 63-I, 76 КК БССР на 10 гадоў лягероў з пазбаўленьнем потым правоў.

Пасьля бадзяньняў па перасылачных турмах нарэшце трапіў на капальні золата Бадайбінскага р-ну Іркуцкай вобл. «Здабытчыкі золата карысталіся ў ГУЛАГу крыху большай увагай, чымся іншыя зьняволеныя. Нам нават паёк стараліся даваць лепшай калярыйнасьці. Падтрымлівалі нашу працаздольнасьць. Але праца на прыіску была ня толькі цяжкай, але й небясьпечнай. Пасьля выбуху ў забоі патрывожаная парода магла неспадзявана абрынуцца пад сілай свайго цяжару», - узгадвае А. [2, 263].

З 1949 году А. быў пераведзены ў т.зв. «Берляг» Магаданскай вобл., дзе працаваў на рудніку імя Матросава. Выйшаў на волю трохі раней, чымся было прадугледжана прысудам - 10.06.1954, але на працягу яшчэ трох гадоў мусіў адбываць высылку: у прысудзе да тэрміну зьняволеньня быў вызначаны такі тыповы для палітычных «дадатак». Па вызваленьні А. скончыў Магаданскі горны тэхнікум, філія якога дзейнічала ў пасёлку Усьць-Амчак. Неаднаразова зьвяртаўся з просьбай да ўладаў дазволіць вярнуцца на радзіму, але атрымоўваў адмоўны адказ. Нейкі час давялося працаваць электрасьлесарам напрыіску імя Цімашэнкі і Гастэлы. У 1957 пасьля атрыманьня ўсё ж дазволу на выезд у Беларусь, разам з жонкай Фаінай Філіпавай пераехаў у Вялейку, дзе і жыве на сёньняшні дзень. Да выхаду на пэнсію ў 1994 працаваў на вялейскім рэмзаводзе. Рэабілітаваны. А. браў актыўны ўдзел у напісаньні артыкулу ўспамінаў у кнізе «Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 245-273, 340.

Юры Грыбоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць