«За Беларусь» (назва Пастаўскай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў да вясны 1946), беларуская падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя. Утварылася ўвосень 1945 на базе Пастаўскай пэдагагічнай навучальні. Непасрэдным імпульсам да ўтварэньня арганізацыі стала русіфікацыя навучаньня. Асабліва нэгатыўную ролю адыграў дырэктар Фішкін, з блаславеньня якога пачалася татальная русіфікацыя. За адказы па-беларуску сталі зьніжаць адзнакі.

Студэнты Мікола Асіненка, Алесь Дзікі, Алесь Адамовіч засноўваюць арганізацыю «За Беларусь». Невядома, якую ролю адыграў у гэтым колішні навучэнец Глыбоцкай пэднавучальні Валянцін Лагунёнак, які да пераводу ў Пастаўскую навучальню быў студэнтам Глыбоцкай пэднавучальні і ўжо ведаў пра існаваньне Саюзу Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае), рыхтаваўся да ўступленьня ў яго. Дакладна невядома, калі была заснаваная Пастаўская арганізацыя «За Беларусь». Цалкам верагодна, што Пастаўская суполка ўжо існавалада прыезду В.Лагунёнка.

Арганізацыя «За Беларусь» мела на мэце «бараніць родную мову, беларускую культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць» [1, 251]. На пачатку 1946 фармуецца ядро арганізацыі: старшыня - Мікола Асіненка, сакратар - Алесь Адамовіч, скарбнік - Ліна Бароўка. Некаторыя сябры арганізацыі ўзялі сабе мянушкі: Мікола Асіненка - Крывіч, Ніна Асіненка - Незабудка, Ліна Бароўка - Таполя, Алена Мацук - Лілія. Як і СБП (Глыбокае), патрыятычнае аб'яднаньне «За Беларусь» не было палітычнай арганізацыяй. Меркавалася, што яго праца будзе растлумачальнай, накіраванай на прапаганду беларускай мовы, культуры, адстойваньне беларускасьці перад наступам русіфікацыі.

08.03.1946 на моладзевай вечарыне на кватэры Ніны Асіненкі адбыўся сход, на якім Мікола Асіненка ўрачыста абвясьціў пра існаваньне арганізацыі «За Беларусь». 25.03.1946 у вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёну на хаце Міколы Асіненкі адбылося прыняцьце прысягі сябрамі суполкі «За Беларусь». Прысягу прымалі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай «Пагоні», якую намалявала Алеся Ўмпіровіч (Фурс). Сябры арганізацыі чыталі прысягу і расьпісваліся ў агульным сьпісе. Узімку 1946 праз Валянціна Лагунёнка былі наладжаныя кантакты з Глыбоцкай групай СБП. Увесну 1946 на сустрэчы ў Глыбокім было дамоўлена пра аб'яднаньне Пастаўскае групы «За Беларусь» і Глыбоцкае арганізацыі СБП. Быў прыняты супольны назоў Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае-Паставы).

Сьпіс сябраў Пастаўскае групы «За Беларусь»: Мікола Асіненка (кіраўнік), Алесь Адамовіч (сакратар), Віктар Стахоўскі (няма ў жывых), Янка Рымдзёнак, Уладзімір Лысёнак (няма ў жывых), Ніна Асіненка (няма ў жывых), Ангеліна Бароўка, Алеся Ўмпіровіч, Валянцін Лагунёнак, Аляксандар Дзікі (няма ў жывых), Алена Мацук, Павал Лапушынскі, Яўген Сідаровіч, Іван Бароўка, Алесь Амельляновіч, Сямён Касарэўскі, Міхал Дзеравянка, Мікола Церашкевіч.

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць