Мельнік Лідзія (Несьцяровіч; 16.06.1930, хутар Стафанполь Дзісьненскага павету Віленскага ваяводзтва (сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл.)), удзельніца Глыбоцкай групы паваеннай падпольнай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП). Вязень ГУЛАГу.

Бацькі М. за польскім часам мелі кавалак зямлі і былі заможнымі. Па прыходзе ў верасьні 1939 Чырвонай Арміі яны ўважаліся новай уладай за т.зв. «кулакоў». Таму на сям'ю абрынуліся рэпрэсіі ў форме вялізных падаткаў. Потым бацька М. быў на нейкі час арыштаваны.

Пачатковую адукацыю М. атрымала ў савецкай вясковай школе. Рэпутацыя «кулацкай дачкі» і тут стварала дзяўчынцы цяжкасьці. «Нярэдка ў школу завітвалі правяральшчыкі, упаўнаважаныя. Перад імі настаўнікі наагул стараліся і прозьвішча майго не называць, а калі іншы раз бяз гэтага нельга было, то якія позіркі я заўважала на сабе, як выразна пераглядваліся між сабой дарослыя», - узгадвае М. [2, 279].

Пад час нямецкай акупацыі М. разам з бацькамі пераехала ў Дзісну, дзе працягвала вучобу ў тамтэйшай школе. Па сканчэньні сёмай клясы М. вытрымала экзамены і паступіла ў першую падрыхтоўчую клясу толькі што адчыненай Глыбоцкай прагімназіі. «І ў школе ў Дзісьне, і ў прагімназіі, дзе я змагла правучыцца толькі год, я па-сапраўднаму адчула, што я беларуска, жыву ў Беларусі, што ў маёй Радзімы даўнія карані, у нас багатая спадчына. Я толькі ўваходзіла ў жыцьцё, а ўжо ўва мне абуджаўся - кажучы словамі Максіма Багдановіча - «за краіну радзімую жах», - успамінае М. [2, 280-281].

Па вызваленьні Беларусі ад немцаў М. пайшла вучыцца ў Глыбоцкую сярэднюю школу ў дзявятую клясу. «У верасьні 1944 у Глыбокім адчыніліся дзьве сярэднія школы: адна беларуская і адна расейская. Я пайшла, зразумела, у беларускую дзесяцігодку. Але беларускай нашая школа была болей па назьве. Большасьць прадметаў выкладалася па-расейску», - прыгадвае М. [2, 281].

Пад час вучобы тут М. моцна зблізілася зь сяброўкай яшчэ па Глыбоцкай прагімназіі Марыяй Бабіч, якая вучылася ў Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні разам з Васілём Мядзельцам, Антонам Фурсам і іншымі маладымі беларускімі патрыётамі, што потым заклалі ў вучнёўскім асяродку падпольную моладзевую арганізацыю. М. была ў ліку першых, з каго пачыналася Глыбоцкая група Саюзу Беларускіх Патрыётаў (СБП). На ейнай кватэры сябры СБП прымалі прысягу на вернасьць Беларусі.

Па разгроме СБП узімку 1947 М. была арыштаваная ды засуджаная на 8 гадоў працоўна-папраўчых лягероў і 5 гадоў паражэньня ў правох. Празь некалькі месяцаў пасьля суду М. апынулася ў Кемераўскай вобл., у т.зв. лягеры ЧСМР, дзе пераважна знаходзіліся зьняволеныя зь ліку сваякоў т.зв. «ворагаў народу і здраднікаў радзімы». «Я ўжо наперад ведала: мяне пашлюць валіць лес. Настроеная была прыняць найгоршае. Але, на зьдзіўленьне, мне выпала працаваць на швейнай фабрыцы, у цэху шырспажыву», - кажа М. [2, 286].

У верасьні 1949 М. трапіла на этап, які вывезьлі ў Казахстан. Тут яна працавала на цагельнай фабрыцы, недалёка ад Караганды, пакуль у 1953 не была пераведзеная ў «Карлаг». 4 лістапада 1954 М. была датэрмінова вызваленая. Па выхадзе на волю пасялілася ў пасёлку Кулагір пад Карагандой (Казахстан), дзе працавала ў дзіцячым садку.

М. брала ўдзел у напісаньні артыкулу ўспамінаў у кнізе «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Сёньня яна не цураецца і не наракае на сваё мінулае, у тым ліку і на колішнюю прыналежнасьць да паваеннага антысавецкага моладзевага руху. «Калі нават ня дасьць лёс скончыць сваю жыцьцёвую дарогу там, дзе я хацела б, дзе яна пачыналася - на роднай зямлі, маёй апошняй думкай я буду з Табой, дарагая мая Маці-Беларусь!» -дэкляруе М. [2, 295].

Кр.: 1. ANH, F-3.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 20, 275-295, 340.

Юры Грыбоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць