Скончыў тры курсы слонімскай настаўніцкай сэмінарыі (1946) і Менскі пэдагагічны інстытут - гістарычны факультэт (1969). З 1944 да 1947 працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах вёсак Міжэвічы і Глоўсевічы Слонімскага р-ну.
У пачатку 1946 разам зь сябрамі (М.Ракевічам, М.Чыгрыном, А.Гардзейкам і інш.) стварыў у Слоніме беларускую патрыятычную падпольную групу (арганізацыю) супраціву савецкаму рэжыму. Група атрымала кансьпірацыйны назоў «Чайка». Устаноўчы сход адбыўся ў пачатку траўня 1946. Падпольле ставіла сваёй мэтай барацьбу з гвалтоўнай калянізацыяй, русіфікацыяй і вульгарызацыяй краю, абуджэньне нацыянальнай сьведамасьці беларусаў, абарону мясцовых беларускіх традыцыяў, культуры, мовы, гістарычных сьвятыняў. Арганізацыя хутка расла і шырылася ў асноўным за кошт студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі.
У 1946 падпольле ўжо было створанае ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме і настаўніцкім асяродку Слонімшчыны. Для агульнага кіраўніцтва арганізацыяй быў створаны падпольны Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), які ўзначаліў Васіль Супрун. Яго памочнікамі сталі: па арганізацыйных пытаньнях - Аляксандар Барэйка (студэнт Баранавіцкага настаўніцкага інстытуту) і па вайсковых пытаньнях - Міхась Ракевіч (студэнт Берасьцейскага чыгуначнага тэхнікуму). У 1947 падпольны патрыятычны рух ужо меў свае арганізацыйныя адзінкі ў тагачасных Баранавіцкай, Берасьцейскай, Маладэчанскай і Пінскай абласьцях.
Аднак у сярэдзіне 1947 у сувязі з правалам наваградзкага Саюзу Вызваленьня Беларусі (правакатар Алесь Бажко) і кансьпірацыйнымі памылкамі некаторых сяброў з баранавіцкага падпольля, Цэнтар і асноўныя структуры патрыятычнага беларускага падпольля былі разгромленыя савецкімі карнымі органамі. Засталіся толькі асобныя пэрыфэрыйныя групкі, якія пасьля перасталі існаваць бяз сувязі з Цэнтрам.
Васіля Супруна схапілі 06.06.1947 (пераапранутыя эмдэбісты з баранавіцкага абласнога аддзелу) на дарозе з роднай вёскі ў школу, дзе ён працаваў настаўнікам. Катаваньні, адзіночкі і карцэры доўжыліся амаль паўгоду ў баранавіцкай сьледчай турме «Крывое кола» і менскай «амэрыканцы». Судзіў Васіля Супруна ваенны трыбунал войскаў МВД Беларускай акругі ў Менску 21.11.1947 разам з маладэчанскай групай падпольля (С.Яноўскім, А.Кабаком, К.Альшэўскім). Працэс над астатнімі сябрамі падпольля праходзіў у Баранавічах. Усе сябры арганізацыі былі абвінавачаныя паводле артыкулаў 63-I і 76 КК БССР (цывільная здрада радзіме і антысавецкая агітацыя). Як арганізатара і кіраўніка падпольля Васіля Супруна засудзілі да 25 год няволі і 5 гадоў пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Пакараньне адбываў у турмах Баранавічаў, Менску, Горадні, Воршы, канцлягерох Інты (спэцляг № 2) і Варкуты (лягер № 175/14). Патрыятычную дзейнасьць Васіль Супрун падпольна працягваў і ў канцлягерных умовах - ствараў зямляцкія згуртаваньні, наладжваў і падтрымліваў таемную міжлягерную сувязь у асноўным празь перапіску з паэткай Ларысай Геніюш.
Вызвалены Васіль Супрун паводле рашэньня камісіі Вярхоўнага Савету СССР 16.06.1956 са зьняцьцём судзімасьці і дазволам вярнуцца ў Беларусь. У Слонім вярнуўся ў сьнежні 1956, дзе адразу ж быў узяты на спэцулік і строгі нагляд органаў, з забаронай працаваць па спэцыяльнасьці. Перасьлед і забароны прымусілі пакінуць Бацькаўшчыну. Вярнуўшыся, каля двух гадоў працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Берасьцейскім абласным краязнаўчым музэі. На Берасьцейшчыне было крыху вальней зь перасьледам і цкаваньнямі патрыётаў. Але Слонімшчына, дзе заставалася сям'я і шматлікія матэрыялы навуковых дасьледаваньняў, пераважыла, хоць перасьлед і працягваўся.
Працуючы на розных будаўнічых работах, В.Супрун увесь вольны час аддаваў дасьледаваньням мінулага роднага краю, супрацоўнічаючы з Акадэміяй навук Беларусі. Нягледзячы на перашкоды, у канцы 80-х гадоў змог прарвацца ў друк і са сваёй палітычнай паэзіяй. На пэнсіі з 1986, жыве ў Слоніме. З 1995 - сябра Саюза пісьменьнікаў Беларусі.
Тв.: 1. Крык. Вершы. Мн., 1993; 2. Рэха абуджаных дзён. Вершы. 1994; 3. За смугою часу. Дасьледаваньні і меркаванні. Мн, 1994; 4. Незабыўныя «ксівы». Вершы з падпольнай канцлягернай перапіскі з Ларысай Геніюш. Горадня, 1998; 5. Жыць для Беларусі. Вершы. Мн., 1998.
Публ.: 6. Васіль Супрун. Патрыёты маўчаць не схацелі! // Наша слова № 11(67), 18.03.1992; 7. Васіль Супрун. Яны змагаліся за Бацькаўшыну // Полацак (Кліўленд, ЗША). № 2(12), 1992; 8. В.Супрун. Памятники каменного века и эпохи бронзы в бассейне среднего течения р. Щары. (По материалам разведки 1963-1965 гг.) // Древности Белоруссии. Мн., 1966.
Літ.: 9. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 595; 10. Гісторыя Беларусі. 9 кл. (Падручнік). Мн., 1993. С.168-169; 11. Нарысы гісторыі Беларусі. Частка 2. Мн., 1995. С. 337; 12. Усё застаецца людзям // Беларуская мінуўшчына. 1997, № 4. С. 66.
Васіль Супрун