Антыбальшавіцкі Блёк Народаў (АБН), палітычная міжнародная арганізацыя, дзейнасьць якой была скіравана на каардынацыю ангысавецкага змаганьня ўва Ўсходняй Эўропе й Азіі. Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў маніфэст Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў (ОУН) (сьнежань 1940), у якім заклікаліся рэвалюцыянэры «ўсіх паняволеных Масквою народаў да супольнай барацьбы і супрацы з украінскімі рэвалюцыянэрамі-нацыяналістамі». У 1941 кіраўніком ОУН С.Бандэрам быў заснаваны часопіс «фронту паняволеных народаў» «Наш Фронт», які выходзіў на розных мовах. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943. 25.06.1943 ОУН і УПА арганізавалі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22.11.1943 у жытомірскіх лясох прайшла нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы». Нацыянальныя аддзелы пры УПА (грузінскія, малдаўскія й інш.) павінны былі пашырыцца ў самастойныя паўстанцкія арміі і перайсьці на свае нацыянальныя тэрыторыі. Была прынятая палітычная пляцформа й маніфэст. У 1944 у Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваныя канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы.

Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16.04.1946 у Пазінгу каля Мюнхену на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацый народаў Усходняй Эўропы й Азіі. Штаб-кватэра АБН абаснавалася ў Мюнхене. АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й канфэсы, да ўрадаў заходніх краін, у якіх перасьцерагае іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай». Арганізацыя, пры падтрымцы ОУН, здолела навязаць сувязь з антысавецкімі рухамі на падсавецкай тэрыторыі. АБН выдаваў шматлікія часапісы й газэты на розных мовах: «За свабоду народаў», «АБН», «Авангард», «Набат» ды інш.

У праграмных дакумэнтах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі - гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго берлагу. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры - эвэнтуальная перамога на пэрыфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў зь іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі, актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна, арганізацыя даіснавала, але пры ўжо мінімальнай актыўнасьці, да распаду савецкай імпэрыі.

Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Тамашчык і Зьміцер Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала невялікая група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімір Пеляса й Міхась Сенька.

Бібл.: 1. Карбовіч З. За разьдзел расейскай імпэрыі злучанымі сіламі народаў // Рух (Зах. Нямеччына). 1946, № 2-3. С. 13-16; 2. У камітэце АБН // Рух. 1947, № 4, студзень. С. 37; 3. Каранеўскі Я. На шляху нацыянальна-вызвольнага змаганьня // Рух. 1947, № 4, студзень. С. 13; 4. Адрианов В., Москаленко А. Горечь полыни. М., 1987. С. 24, 137, 257, 258; 5. Шостий Великий Збір ОУН. Матеріали й постанови. 1984. С. 80-84, 179, 181; 6. Антибольшевицький Бльок Народів. Збірка документів і статтей 1956-1966 рр. Т. 2. 1979. С. 103-104, 208-209; 7. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993. С. 194, 195.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць