«Чорны Кот», беларуская антысавецкая партызанская арганізацыя. Паводле некаторых звестак, «Чорны Кот» быў арганізаваны ў 1944 (А.Міхальчанка называе іншую дату - 1945, месца ўтварэньня - Налібоцкая пушча), аднак найбольш актыўна «Чорны Кот» дзейнічаў у 1948-1950-х пад кіраўніцтвам генэрала Міхала Вітушкі («Лось»). У некаторых крыніцах паведамляецца, што назоў «Чорны Кот» («Чорная Кошка») меў адзін з партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі, або нават аддзел «Дальвіцу», які дэсантаваўся ў Беларусі 17.11.1944. У іншых крыніцах «Чорны Кот» - гэта злучэньне партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі.

«Чорны Кот» (Беларуская Вызвольная Армія) складалася з рэгулярных партызанскіх аддзелаў і ўдзельнікаў збройнага падпольля («ударнікаў»), якія легальна працавалі ў калгасах, на сваіх гаспадарках, на прадпрыемствах і ўва ўстановах, але бралі ўдзел у акцыях. На чале «Чорнага Ката» стаяў Галоўны Штаб, якім камандаваў генэрал Міхал Вітушка і ягоныя намесьнікі: Ахрэм і Шукайловіч. М.Вітушка быў таксама старшынём ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, канцэнтруючы ў сваіх рукох, такім чынам, вайсковае й палітычнае кіраўніцтва Нацыянальным Супрацівам. У складзе «Чорнага Ката» былі ня толькі беларускія аддзелы, але й летувіскія, латыскія, нямецкія («Вэрвольф», «Цэпэлін», «Эдэльвайс») і ўкраінскія, якія пераважна дзейнічалі ў заходняй і паўночнай Беларусі, а таксама ў Прыбалтыцы.

«Чорны Кот» праводзіў акцыі на чыгунцы, рабіў напады на савецкія склады й гарнізоны, на вёскі й мястэчкі, вызваляў вязьняў з турмаў і канцлягероў. Рабіліся напады на банкі з мэтай здабыцьця сродкаў, неабходных для забясьпечаньня падпольнай й партызанскай дзейнасьці. Баявікі «Чорнага Ката» зьдзяйсьнялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў савецкай улады, сябраў камуністычнай партыі, супрацоўнікаў МВД і МГБ (КГБ). Паводле некаторых зьвестак, існаваў плян замаху на І.Сталіна ў кастрычніку 1948. Меркавалася, што гэта будзе супольная з УПА акцыя. Частку зброі, боепрыпасаў, радыёапаратуру, амуніцыю «Чорны Кот» атрымоўваў праз Польшчу зь Вялікабрытаніі пры дапамозе тамтэйшых спэцслужбаў. «Чорным Катом» праводзілася й вялікая прапагандовая праца: выдаваліся дзясяткі газэтаў, часапісаў, плякатаў, адозваў і абвестак, якія пашыраліся ня толькі сярод партызанаў, але й сярод насельніцтва.

У эміграцыйных крыніцах ёсьць зьвесткі, што «Чорны Кот» працягваў сваю актыўную баявую дзейнасьць да 1950. Аднак і ў пазьнейшыя гады ад імя гэтай арганізацыі праводзіліся акцыі, скіраваныя супраць савецкіх уладаў. Аднак гэта была ўжо хутчэй дзейнасьць узброенага падпольля, чымся партызанкі. Магчыма, што кіраўніцтва «Чорнага Ката», падобна камандаваньню УПА, перавяла свае структуры са стану ўзброенай партызанскай вайны да стану ўзброенага падпольля. Наколькі была эфэктыўнай і колькі працягвалася барацьба «Чорнага Ката» ў новых умовах - невядома. Аднак яшчэ напрыканцы 1950-х у БССР існавалі падпольныя групы, якія пазьней перабраліся на Захад, у Польшчу, або засталіся на Бацькаўшчыне, так і ня выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай. Падобна, што на Захадзе апынуўся й генэрал Міхал Вітушка.

Бібл.: 1. Стары Жаўнер (Юрка Віцьбіч). Партызаны і палітыканы // Беларускае слова (Штутгарт, Зах. Нямеччына). 18.06.1949; 2. Замах беларускае «Чорнае Кошкі» на Сталіна // Беларускае слова (Штутгарт). 05.02.1949, № 3 (4); 3. Вітушка апраўдаў давер. 45000 партызанаў змагаюцца за незалежную Беларусь // Бацькаўшчына (Мюнхэн). 26.12.1948; 4. Партызанская барацьба на Беларусі нясупынна трывае // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). 1950, № 1, студзень-люты; 5. Генэрал Вітушка змагаецца // Беларускае слова (Зах. Нямеччына). 03.05.1949, № 6 (7); 6. Вітушка шырыць змаганьне // Бацькаўшчына (Мюнхэн). 30.06.1949; 7. Сорак // Зважай (Таронта, Канада). 1984, № 2 (34), чэрвень; 8. Другая сусьветная сустрэча беларускіх вэтэранаў // Зважай (Таронта). 1984, № 4 (36), сьнежань; 9. Вір В. Маёр Беларускай Краёвай Абароны Ўсевалад Родзька // Беларускі Голас (Таронта, Канада). 1991, № 365, кастрычнік; 10. Жумарь С. Армия Крайова: свет или тени? // Рэспубліка. 28.10.1992; 11. Жумарь С. Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия. 28.08.1994; 12. Гасмюлер Д. лясы, бункеры, партызаны // Пагоня (Горадня). 1994, № 36, 37 (92, 93), 4-10.11 і 11-17.11; 13. Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25.11.1990; 14. Ёрш С. Чёрный Кот не басня - правда // Свободные новости. 1994, № 21, кастрычнік; 15. Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. Ню Ёрк, 1996. С. 330-335, 337.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць