Аграрнае пытанне. Зыходнай матэрыяльнай асновай дабрабыту людзей з'яўляецца зямля (на грэчаскай мове agros), таму што яна - галоўны сродак вытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Ад эфектыўнасці зямлі залежыць стан харчовай праблемы і ў многім - сыравіннай базы прамысловасці, таму цэлы комплекс сацыяльна-эканамічных праблем абумоўлены формай уласнасці на зямлю і характарам аграрнай палітыкі. Яны і складаюць аграрнае пытанне, якое ўключае аграрныя адносіны, аграрную палітыку, аграрныя крызісы, аграрныя рэформы, а таксама вырашэнне харчовай праблемы і сацыяльных запатрабаванняў сялянства.

Цэнтральнае месца ў аграрным пытанні займае форма ўласнасці на зямлю. З часоў сярэднявечча яна падзяляла людзей на заможных землеўладальнікаў (памешчыкаў), малазямельных і беззямельных сялян. Пры карыстанні зямлёй яны ўступалі ў пэўныя вытворчыя адносіны: сяляне павінны былі адпрацоўваць на памешчыцкіх палетках павіннасці, арэндаваць у іх зямлю ці наймацца ў парабкі. У сувязі з умовамі арганізацыі вытворчасці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманых даходаў пэўныя адносіны складваліся паміж дзяржавай і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, асобнымі землеўладальнікамі. Гэта і ёсць аграрныя адносіны. Яны ўзаемазвязаны з аграрнай палітыкай - стратэгіяй і тактыкай дзяржавы ў адносінах да сялянства. Гэта палітыка, як правіла, адпавядала інтарэсам пануючых класаў і замацоўвала сацыяльную няроўнасць ў землеўладанні і землекарыстанні, што спараджала антаганізмы, масавую незадаволенасць і выступленні сялян за справядлівае вырашэнне аграрнага пытання. У выніку праводзіліся зямельныя рэформы, якія хоць і ўносілі змены ў сістэму землеўладання і землекарыстання, але не вырашалі аграрнага пытання.

У Беларусі нават пасля адмены прыгоннага права (1861) характар аграрных адносін быў абумоўлены захаваннем манаполіі прыватнай уласнасці на зямлю. У 1905 тут было 119 буйных латыфундый больш як па 10 тыс. дзесяцін кожная, а на кожную з 576,2 тыс. сялянскіх гаспадарак у 1917 прыпадала ў сярэднім па 8,9 дзесяціны зямлі. За гэтай сярэдняй лічбай - вялікая колькасць беззямельных гаспадарак. Аграрная палітыка дзяржавы, у тым ліку і яе аграрныя рэформы, ажыццяўлялася ў інтарэсах памешчыкаў, з мэтай захавання т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, хоць сяляне выступалі за «амерыканскі» шлях - ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феадальных перажыткаў. Савецкая ўлада пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 нацыяналізавала зямлю і перадала бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам значныя плошчы канфіскаваных памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель. У 1920-я г. з ажыццяўленнем новай эканамічнай палітыкі характар аграрных адносін вызначаўся фармаваннем і развіццём сялянскай дробнатаварнай вытворчасці. Але аграрнае пытанне зноў абвастрылася ў сувязі з калектывізацыяй - добраахвотна-прымусовым аб'яднаннем сялянскіх гаспадарак у калектыўныя. З дапамогай дзяржавы за час калектыўнага гаспадарання многа зроблена для павышэння эфектыўнасці аграрнага сектара, яго сацыяльнага развіцця. Аднак у гэтым мы істотна адстаём ад развітых краін. Адсюль неабходнасць новых аграрных рэформаў, сутнасць якіх у перабудове аграрнага сектара на шматукладнай рыначнай аснове. Некаторыя калгасы і саўгасы ператвараюцца ў асацыяцыі, аграфірмы, з тым, каб кожнага сябра калектыву зрабіць уласнікам сродкаў вытворчасці і вынікаў працы. Дазволена стварэнне сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, для вядзення якіх можна ўзяць у арэнду ці набыць ва ўласнасць зямлю, неабходную тэхніку, наймаць работнікаў. Але за свабодную куплю і продаж зямлі выказалася ўсяго 15,3% прыняўшых удзел у рэферэндуме 24 лістапада 1996.

Паведаміць пра недакладнасьць