Алкагалізм. Алкагольныя напіткі - не прадмет першай неабходнасці, але ж яны рэальна існуюць тысячагоддзямі. А рэальнасць трэба ведаць, каб выпрацаваць правільныя, разумныя адносіны да яе. Магчыма, чалавецтва не адмовіцца ад ужывання алкагольных напіткаў, нягледзячы на тое, што вынікі гэтага ўжывання для многіх людзей і ў цэлым для грамадства ўяўляюць сур'ёзную праблему. Каб вырашыць праблему алкагалізму, асобныя дзяржавы і грамадскія аб'яднанні ўводзілі т.зв. «сухія законы», што катэгарычна забаранялі вытворчасць і ўжыванне алкагольных напіткаў, абмяжоўвалі іх продаж і г.д. Аднак падобныя прымусовыя меры не прыносілі жаданых вынікаў. Вырашэнне алкагольнай праблемы хутчэй за ўсё звязана з выхаваннем з дзяцінства маральных якасцей чалавека, яго агульнай культурай, у тым ліку і культурай ужывання алкагольных напіткаў.

Залішняе захапленне спіртным становіцца для чалавека шкоднай звычкай, якая з цягам часу пераходзіць у небяспечную хранічную хваробу. Алкагалізм - гэта хваравітая цяга да спіртных напіткаў, якая ўзнікае ад празмернага і частага іх ужывання. Выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у расстройстве здароўя. П'янства і алкагалізм - закаранелае зло, і пераадолець яго толькі метадамі пераканання не заўсёды магчыма. Таму побач з комплексам выхаваўчых, санітарна-асветніцкіх, адміністрацыйных і медыцынскіх мерапрыемстваў заканадаўствам Беларусі прадугледжаны канкрэтныя прымусовыя меры па папярэджанні і выкараненні алкагалізму. Сярод іх асаблівае месца належыць адказнасці дарослых за ўцягненне непаўналетніх у п'янства.

Паведаміць пра недакладнасьць