Быт, сфера невытворчага сацыяльнага жыцця: сукупнасць спосабаў і формаў непасрэднага задавальнення патрэб людзей. Уключае задавальненне матэрыяльных (прадукты харчавання, адзенне, жыллё, лячэнне і падтрымка здароўя) і духоўных (навука, культура, мастацтва, рэлігія, навучанне і выхаванне дзяцей, адпачынак, забавы) патрэб. Элементамі быту з'яўляюцца таксама звычаі, абрады, нормы і звычкі індывідуальнага жыцця, шлюбна-сямейныя адносіны. У шырокім сэнсе быт - уладкаванне паўсядзённага жыцця. Ён вельмі моцна ўплывае на іншыя сферы сацыяльнага жыцця і найперш на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей, на іх здароўе.

Адрозніваюць грамадскі, гарадскі, сельскі, сямейны і індывідуальны быт. У розных народаў пад уплывам сацыяльных і геаграфічных умоў фармуецца комплекс традыцый, звычаяў, абрадаў, якія звязаны з жыццядзейнасцю ў побыце. Пры гэтым у розных сацыяльных слаях, нацыянальных і рэлігійных абшчынах, у горадзе і ў вёсцы ўтвараюцца розныя формы быту, у якіх адлюстроўваецца духоўны і матэрыяльны стан грамадства. Найбольш яскрава тэндэнцыі змены быту выяўляюцца ў сям'і. Маральны стан сям'і, яе традыцыі, абрады, звычаі ўплываюць на фармаванне характару чалавека і яго светапогляду. Працэсы, што адбываюцца ў сферы быту, прыводзяць да стандартызацыі некаторых яго элементаў. Аднак гэта не абазначае нівеліроўкі патрэб і густаў людзей, хоць і спараджае падобны стыль жыцця ў прадстаўнікоў пэўных прафесійных і сацыяльных груп і іх сем'яў.

Паведаміць пра недакладнасьць