Вопыт. Без вопыту немагчыма ніякае пазнанне. З вопыту пачынаецца разумовае развіццё чалавецтва і кожнага асобнага чалавека. У ім рэалізуюцца веды і ўменне, якія ім жа і выпрабоўваюцца на дакладнасць і практычную прыдатнасць. Вопыт - гэта непасрэднае пачуццёва-эмпірычнае адлюстраванне рэчаіснасці, у працэсе якога адбываецца перапрацоўка аб'ектыўных уздзеянняў, замацаванне ведаў і звычак у памяці чалавека, што дазваляе выкарыстоўваць іх у далейшай жыццядзейнасці.

Але свет ведаў і мыслення далёка не абмежаваны прыродна-эмпірычным патэнцыялам чалавечага ўспрымання. Магчымасці бязмежна пашыраюцца пад уздзеяннем двух фактараў развіцця цывілізацыі: эвалюцыі мыслення і прагрэсу тэхнікі. Калі вока арла па сваіх прыродных уласцівасцях і набытым вопыце бачыць значна вастрэй чалавечага, то разумнае вока чалавека бачыць шмат глыбей і здольна спасцігнуць прычынна-выніковыя сувязі з'яў. А аснашчанае тэхнічнымі прадуктамі разумовай працы ўспрыманне людзей пераадольвае бар'еры, пастаўленыя яму прыроднай арганізацыяй органаў адчування, пранікае ў мікрасвет і касмічную прастору. Развіццё мыслення як умовы фармавання доследнай навукі пачалося задоўга да ўзнікнення прыродазнаўства. Міфалагічны светапогляд выцясняўся касмаганічным, сістэма ўяўленняў якога будавалася ўжо на прынцыпах лагічнага і тэарэтычнага мыслення, якія закладвалі асновы дыялектычнай формы свядомасці. Фармавалася карціна свету, у якой усеагульная сувязь з'яў яшчэ дэталёва не даследавалася. Гэта быў перыяд, калі развіваўся вопыт пазнання свету ў цэлым пры адсутнасці вопыту вывучэння асобных рэчаў і сістэм, з якіх складаецца гэта цэлае. На падставе дыялектычнага спосабу мыслення ў Старажытнай Грэцыі яшчэ да нашай эры сфармаваліся тры доследныя праграмы: матэматычная, атамістычная і фізічная. У іх аснове ляжалі такія аб'екты (лічбы, атам, матэрыя, форма, рух, час, месца і да т.п.), якія не маглі быць прадметамі прыродазнаўчанавуковага доследу. Даследаванне вялося выключна тэарэтычнымі сродкамі ў сферы ўнутранага вопыту філасофскай навукі і яе дзеячаў. Гэтыя даследаванні на многія стагоддзі вызначылі дэдуктыўна-сілагістычны характар навуковага мыслення і абстрактна-тэарэтычнага кірунку навуковых пошукаў.

Усведамленне ролі вопыту як актыўнага назірання і эксперыменту выклікана развіццём вытворчых сіл грамадства і звязана з прозвішчам ангельскага філосафа Ф.Бэкана, які лічыў, што даследчык прыроды павінен «дапытваць Прыроду». Назапашванне і перадача вопыту з пакалення ў пакаленне складае істотную характарыстыку грамадскага развіцця. Ён увасабляецца ў прадметнай і моўнай формах, у каштоўнасцях культуры і адлюстроўвае дасягнуты людзьмі ўзровень авалодвання аб'ектыўнымі законамі прыроды, грамадства і мыслення на пэўным этапе іх гістарычнага развіцця.

Паведаміць пра недакладнасьць