Логіка (грэч. logike), агульная назва навук, якія вывучаюць законы, формы, сродкі і метады мыслення. Вылучаюць фармальную, дыялектычную і матэматычную логіку. Яшчэ ў старажытнасці была заўважана важная ўласцівасць мыслення чалавека: з выказваемых сцвярджэнняў могуць быць зроблены не любыя, а канкрэтныя вывады. Вынікі мыслення ў многім абумоўлены і прадвызначаны папярэднімі ведамі. Гэту ўласцівасць шырока выкарыстоўваў у сваіх дыялогах старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат. Арыстоцель паказаў, што дакладнасць вынікаў разважанняў залежыць не толькі ад ісціннасці зыходных палажэнняў (пасылак), але і ад адносін паміж імі, спосабу іх злучэння, г.зн. ад формы разважання. Ён сфармуляваў законы правільнага разважання: тоеснасці, супярэчнасці, выключанага трэцяга. Такую навуку І.Кант называў фармальнай логікай. Уклад у развіццё фармальнай логікі зрабілі раннія стоікі, у сярэднія вякі - схаласты (Дунс Скот, Р.Лулій), у новы час - Г.Лейбніц і інш. Дыялектычная логіка на ідэалістычнай аснове ўсебакова распрацавана Г.Гегелем, на матэрыялістычнай аснове - марксізмам. Яна зыходзіць з аналізу ўзнікнення і развіцця формаў мыслення, высвятлення ролі знакаў і знакавых сістэм у адлюстраванні рэчаіснасці, узаемаадносін агульных і прыватных метадаў пазнання, сапраўдных і несапраўдных ведаў і інш. У сярэдзіне 19 ст. ангельскі матэматык і логік Дж.Вуль заклаў асновы матэматычнай (сімвалічнай) логікі; тады ж як раздзел логікі пачала распрацоўвацца і лагічная семантыка (даследаванне адносін паміж словамі і выразамі і тым, што яны азначаюць). Матэматычная логіка шырока выкарыстоўваецца ў вылічальнай матэматыцы, кібернетыцы, у тэорыі праграмавання, пры праектаванні і ў рабоце вылічальных машын, у матэматычнай лінгвістыцы, інфарматыцы, псіхалогіі, тэорыі кіравання і эканоміцы, юрыспрудэнцыі і этыцы. Логіка мае вялікае значэнне ў павышэнні агульнай і прафесійнай культуры людзей. Яна вучыць правілам вядзення дыскусій, спрэчак, аргументаванай абароны сваіх перакананняў, прапаноўвае метады набліжэння да ісціны.

Паведаміць пра недакладнасьць