Мецэнацтва. Гэта паняцце паходзіць ад прозвішча старажытнарымскага дзеяча Мецэната (Maecenas), які афіцыйна не займаў ніякіх дзяржаўных службовых пасад, а выконваў розныя даручэнні імператара Актавіяна Аўгуста па дыпламатычных, палітычных і прыватных пытаннях. Маючы вялікія матэрыяльныя сродкі і значны ўплыў на імператара, Мецэнат выкарыстоўваў гэта для падтрымання літаратуры і мастацтва, апекаваў многіх дзеячаў тагачаснай культуры. Дзякуючы яго апякунству нарадзіліся дзівосныя паэтычныя шэдэўры Віргілія, Гарацыя і інш. Практыка матэрыяльнай і маральнай падтрымкі таленавітых здольных людзей і іх творчасці з боку добразычлівых прадпрымальнікаў, камерсантаў і дзяржаўных дзеячаў з цягам часу набыла характар традыцыі і стала называцца мецэнацтвам.

У Вялікім Княстве Літоўскім першыя звесткі пра мецэнацтва звязаны з кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасцю Францішка Скарыны. Пры матэрыяльнай падтрымцы заможных беларускіх гараджан Юрыя Адверніка, Якуба Бабіча, Багдана Онкава стаў магчымы выхад у свет пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны. У маёнтку Заблудава беларускага магната Рыгора Хадкевіча знайшлі сабе прытулак і магчымасць працягваць выдавецкую дзейнасць першадрукары Іван Фёдараў і Пётар Мсціславец (апошняму пазней садзейнічалі віленскія прадпрымальнікі Мамонічы, якія збеглі з Масквы). Пры пасрэдніцтве Радзівілаў (Мікалая Чорнага і Мікалая Сіроткі) у 1550-1560-я г. заснаваны першыя на сучаснай тэрыторыі Беларусі Берасцейская і Нясвіжская друкарні, стала развівацца свецкае кнігадрукаванне. Палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Антоній Тызенгаўз (1733-1785) заснаваў у Горадні кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую і іншыя школы, стварыў тэатр, арганізаваў першую ў Горадні друкарню. На аснове буйных архіўных і кніжных збораў, багатых калекцый жывапісу, зброі, прадметаў прыкладнога мастацтва, сабраных у магнацкіх уладаннях Алелькавічаў, Астрожскіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш. пазней створаны бібліятэкі, музеі, архівы. Плённай мецэнацкай дзейнасцю адзначаны гады праўлення апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага ўраджэнца Беларусі Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732-1798), які матэрыяльнай і маральнай падтрымкай актывізаваў дзейнасць вучоных і літаратараў, асвету, заснаваў у Варшаве кадэцкі корпус, а ў Вільні Корпус інжынераў, дапамагаў Камісіі народнай адукацыі.

У выніку навукова-краязнаўчай і мецэнацкай дзейнасці братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, а намаганнямі братоў Антона і Івана Луцкевічаў заснаваны Беларускі музей старажытнасцей (у Вільні), беларускія газеты «Наша доля» і «Наша ніва», Беларускае навуковае таварыства, беларускія настаўніцкія курсы, гімназіі і школы.

Актыўнай асветніцкай і мецэнацкай дзейнасцю вызначаўся дзяржаўны дзеяч Расеі М.Л.Румянцаў, значная частка жыцця якога звязана з Беларуссю. Ён быў заснавальнікам Румянцаўскага музея і бібліятэкі, якая ў 1925 паслужыла базай для стварэння Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі, ажыццявіў за свой кошт выданне многіх помнікаў славянскай славеснасці, у тым ліку беларускіх старажытных грамат і інш. Мецэнацкай дзейнасцю ў Расеі вызначаліся прадпрымальнікі С.І.Мамантаў, які заснаваў Маскоўскую прыватную расейскую оперу, а свой маёнтак Абрамцава зрабіў цэнтрам мастацкага жыцця краіны; С.Ц.Марозаў, які быў мецэнатам Маскоўскага мастацкага тэатра (МХАТа), П.М.Траццякоў жыццё прысвяціў збору твораў расейскага выяўленчага мастацтва, а потым перадаў Маскве сваю і братаву калекцыі, якія сталі асновай Траццякоўскай галерэі.

Апошнім часам у Беларусі пашыраецца спонсарства - дабрачынныя акцыі з боку заможных асоб, прадпрымальнікаў, камерсантаў, якія аказваюць матэрыяльную падтрымку ў справе функцыянавання і далейшага развіцця навукі, асветы і культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць