Нацыя (ад лац. natio - племя, народ), сацыяльна-эканамічная і духоўная супольнасць людзей з пэўнай псіхалогіяй і самасвядомасцю, якая мае агульную мову, адметную культуру, побыт і тэрыторыю сталага пражывання. Сярод гэтых прыкмет галоўныя мова і тэрыторыя. Складанне нацый заняло ў гісторыі чалавецтва доўгі час. З плямён, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, паступова ўтваралася народнасць, якая з цягам часу набыла прыкметы нацыі. Напрыклад, на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо ў 6 ст. н.э. жылі славянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Але да іх прыходу тут жылі балцкія плямёны ліцвінаў, яцвягаў, латыголаў. І славянскія, і балцкія плямёны мелі многа агульнага: іх асноўным заняткам былі земляробства і жывёлагадоўля, і славяне і балты былі язычнікамі, і тыя і другія ўступалі ў стадыю распаду родавага ладу. Асноваю для вызначэння прыналежнасці да беларускай народнасці і яе далейшага пашырэння служылі жывая народная мова, асаблівасці псіхалагічнага побыту і традыцыйнага ладу жыцця, якія складваліся на працягу 7-12 ст. і сталі асноўнай перадумовай фармавання беларускага этнасу. Беларусаў на поўначы краю называлі ліцвінамі, на поўдні - палешукамі. Старабеларуская мова зафіксавана ў пісьмовых помніках 13-16 ст. У Вялікім Княстве Літоўскім, тэрыторыя якога ў той час працягвалася ад Балтыйскага да Чорнага мора, уласна беларускімі землямі былі Полацкае, Віцебскае, Смаленскае, Мсціслаўскае, Менскае, Берасцейскае, Наваградскае, Гарадзенскае, Віленскае ваяводствы. У 16-17 ст. тут былі ўжо на высокім узроўні літаратура і мастацтва, існавалі дэмакратычныя інстытуты дзяржаўнага кіравання, завяршаўся працэс станаўлення беларускага этнасу і старабеларускай мовы (гл. Адраджэнне). У сталай нацыі ўжо дзейнічалі 2 галоўныя тэндэнцыі развіцця. Эканоміка і культура патрабавалі шырокіх сувязей з іншымі нацыямі, таму дзяржава імкнецца пашыраць міжнародныя сувязі. Пранікненне на яе тэрыторыю тавараў, новай тэхналогіі, культуры іншых нацый пагражае дэфармацыямі ў развіцці вытворчасці, побыце, культуры, таму нацыя імкнецца захаваць сваю самабытнасць, развіваць і ўмацоўваць спецыфічны нацыянальны пачатак сваёй жыццядзейнасці, духоўныя і гістарычныя традыцыі.