Адраджэнне (Рэнесанс), эпоха ў развіцці духоўнай культуры Эўропы ў пераходны перыяд ад сярэднявечча да новага часу (14 - першая палова 17 ст.), азнаменаваная вялікімі адкрыццямі і вынаходніцтвамі ў розных галінах навукі і тэхнікі, абуджэннем цікавасці і адраджэннем каштоўнасцей антычнай культуры (адсюль назва эпохі), стварэннем выдатных узораў рэалістычнага мастацтва, паступовым пераадоленнем дагматызму і схаластыкі ў грамадскай думцы, сцвярджэннем гуманістычнага светапогляду і нацыянальнай самасвядомасці. Таму гэту рэгіянальную эўрапейскую і лакалізаваную ў часе гісторыка-культурную эпоху называюць яшчэ гуманістычным Адраджэннем і разглядаюць як пэўны этап Адраджэння нацыянальнага, якое адлюстроўвае агульную заканамернасць у гістарычным развіцці грамадства і яго культуры. Дух вальнадумства, сцвярджэнне абсалютнай духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавечага жыцця, грамадзянскасці і маральнай дабрачыннасці асобы былі характэрныя для творчасці такіх выдатных дзеячаў Рэнесансу, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, Дж.Бруна, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Рабле, Т.Мор, Т.Мюнцэр, М.Капернік, Дантэ, Ф.Петрарка, А.Дзюрэр, У.Шэкспір, М.Мантэнь, М.Сервантэс, Н.Макіявелі і інш.

У Беларусі станаўленне культуры Адраджэння было абумоўлена шырокім развіццём таварна-рыначных адносін, ростам гандлёвых гарадоў эўрапейскага тыпу, арганізаваных на прынцыпах самакіравання паводле магдэбургскага права, адносным дэмакратызмам дзяржаўнага ладу, завяршэннем працэсу фармавання беларускага этнасу і старабеларускай мовы. Тыповыя рысы рэнесанснай культуры найбольш выразна праявіліся ў навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасці Францішка Скарыны, які заклаў падмурак беларускага гуманізму і талерантнасці, пакінуў нашчадкам яскравыя ўзоры патрыятызму і самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Важкі ўклад у распрацоўку ідэалаў дабра, высокай духоўнасці, нацыянальнай самасвядомасці, павагі да людзей іншых нацыянальнасцей і краін свету ўнеслі Мікола Гусоўскі, Міхаіл Літвін, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Волан, Мялецій Сматрыцкі, Стафан Зізаній і Лаўрэнцій Зізаній, Сімяон Полацкі, Ю.Даманеўскі, Л.Карповіч і інш. Беларускія мысліцелі-гуманісты падзялялі нацыянальна-дзяржаўную дактрыну новага часу, прызнавалі права кожнага народа на самастойнае палітычнае і культурнае развіццё. Новыя погляды на чалавечае грамадства яны спалучалі з пошукам найлепшых формаў дзяржаўнага ўпарадкавання і дэмакратычнай сістэмы кіравання. Пра гэта сведчаць унікальныя помнікі тагачаснага права - Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588, у якіх прапаведавалася ідэя прававой дзяржавы, абвешчаны прынцыпы вяршэнства закону, урадавай абароны правоў і свабод чалавека. Характэрным было і тое, што паўсюдна арганізоўваліся шматлікія беларускія брацтвы, закладваліся друкарні, адкрываліся школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, расла цікавасць да культурна-філасофскіх каштоўнасцей, узмацняліся мецэнацкія тэндэнцыі, пашыраліся ідэі гуманізму і рэфармацыі, ішло станаўленне беларускай мовы, нацыянальнай пісьменнасці, літаратуры, мастацтва. Усё гэта, як адзначаў Максім Багдановіч, вылучыла Беларусь на адно з першых месцаў сярод культурнага славянства, збліжала яе ў эканамічных і культурных адносінах з Заходняй Эўропай.

Паведаміць пра недакладнасьць