Нігілізм (ад лац. nihil - нішто). У філасофію гэты тэрмін упершыню ўвёў нямецкі філосаф Ф.Якобі. У Расеі ён атрымаў пашырэнне дзякуючы раману І.С.Тургенева «Бацькі і дзеці» (1862), дзе нігілістам названы яго галоўны герой Базараў, які адмаўляў старыя асновы дваранскага грамадства. У Расеі і Беларусі нігілізм адлюстроўваў настрой думак той часткі інтэлігенцыі 1850-1860-х г., якая глыбока разумела крызіс прыгонніцкага ладу. З пазіцый прыродазнаўчанавуковага матэрыялізму і атэізму нігілізм абвяргаў ідэалістычную філасофію, устарэлыя нормы маралі, канцэпцыю прыхільнікаў «чыстага мастацтва». Для яго былі характэрныя механіцызм і эмпірызм, сціранне меж паміж матэрыялізмам і пазітывізмам, перабольшванне рацыяналістычнага характару мастацтва і маралі. Такі нігілізм, хоць і прыводзіў да недаацэнкі культурных традыцый (у т.л. этыкету, мастацтва), сцвярджаў прагрэсіўныя ідэалы рэвалюцыйнай дэмакратыі. Заходнія філосафы 19 - пачатку 20 ст. (Ф.Ніцшэ, С.К'еркегор, О.Шпенглер) стварылі канцэпцыю «нігілістычнай эпохі», якая адлюстроўвала крызісны стан буржуазнага грамадства і яго светапогляду. Іх папярэднік А.Шапенгаўэр стварыў нігілістычна афарбаваную дактрыну будыйскай абыякавасці да свету. Прыняўшы шапенгаўэраўскую пазіцыю «абясцэньвання» свету, Ніцшэ надаў нігілізму актыўны імпульс «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей». У 20 ст. нігілізм з яго «апафеозам беспадстаўнасці» стаў істотным элементам «катастрафічнага» ўсведамлення зададзенасці эвалюцыйнага руху. Спекулюючы на стыхійнай незадаволенасці мас, нігілізм выступаў з асуджэннем скнарнасці, прыстасавальніцтва, спажывальніцтва, але пры гэтым прымяншаў ролю агульначалавечых маральных нормаў, ведаў і розуму. Ён стаў правадніком індывідуалізму. Выяўляецца нігілізм у крытыканстве, за якім не стаіць ніякая канструктыўная праграма дзейнасці, у адмове змагацца з адмоўнымі з'явамі рэчаіснасці. Нігілізм - гэта адмаўленне агульнапрынятых каштоўнасцей, ідэалаў, маральных нормаў, культуры, формаў грамадскага жыцця і аўтарытэтаў. У сваім крайнім выяўленні ён пераходзіць у цынізм і амаралізм.

Паведаміць пра недакладнасьць