Нянавісць, адносіны ўзаемнай варожасці паміж людзьмі. У псіхалогіі гэтае паняцце вызначаецца як устойлівае актыўнае адмоўнае пачуццё чалавека, накіраванае на з'явы, што супярэчаць яго перакананням і каштоўнасцям. Яно здольна выклікаць не толькі адпаведную ацэнку свайго аб'екта, але і актыўную дзейнасць супраць яго. Фармаванню нянавісці звычайна папярэднічае вострае незадавальненне, якое выклікаецца падзеямі, што развіваюцца ў непажаданым кірунку, або сістэматычнае адмоўнае ўздзеянне пэўнага аб'екта. Прадметам нянавісці ў такіх выпадках становіцца рэальная ці ўяўная прычына гэтых падзей. У практыцы выхавання кантроль за фармаваннем нянавісці ажыццяўляецца з дапамогай раскрыцця сутнасці непажаданых з'яў і іх прычын. Знешне пачуццё нянавісці можа выступаць як нешта адзінае і непадзельнае, аднак па сутнасці яно ўключае шэраг узаемазвязаных момантаў, напрыклад, агіду і жаданне зла іншаму, адмаўленне дапамагчы ненавіснай асобе, супрацьдзеянне ўсім яе імкненням. Пачуццё нянавісці процілеглае пачуццю любасці, разам з тым яно заўсёды так ці іначай дапускае любоў; нянавісць да зла дапускае любоў да дабра, а чалавеканенавісніцтва звязана з сябелюбствам. Хрысціянская мараль прапаведуе любоў да бліжняга і асуджае ўсялякую праяву нянавісці ў адносінах паміж людзьмі.

Паведаміць пра недакладнасьць