У Беларусі сацыялогія з'явілася ў 1920-я г. У 1921 у БДУ створана кафедра сацыялогіі. Прафесары Б.Быхоўскі, Р.Выдра, С.Вальфсон, У.Іваноўскі, С.Каценбоген і іншыя даследавалі праблемы грамадскіх адносін, сям'і, культуры. Ва ўмовах таталітарнай сістэмы і масавых рэпрэсій даследаванні па сацыялогіі паступова згортваліся і да 1937 спыніліся. Толькі ў 1968 у Інстытуце філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар канкрэтных сацыялагічных даследаванняў, сацыялагічныя лабараторыі ў БДУ, БПІ, Інстытуце народнай гаспадаркі. Сёння сацыялагічныя лабараторыі ёсць амаль ва ўсіх ВНУ краіны. Вядучымі навукова-даследчымі цэнтрамі сталі Інстытут сацыялогіі АН Беларусі (з 1990), аддзяленне сацыялогіі і кафедра сацыялогіі на філасофска-сацыялагічным факультэце БДУ (з 1989), а таксама сацыялагічны цэнтр БДУ. Беларускія сацыёлагі даследуюць праблемы сацыяльнага кіравання, дынаміку сацыяльнай структуры грамадства, сацыялагічныя аспекты працы, навукі, культуры, міжнацыянальных адносін, канфліктаў, вынікаў Чарнобыльскай катастрофы (Я.Бабосаў, Г.Давідзюк, Э.Дарашэвіч, С.Лапцёнак, А.Манаёў, Г.Несвятайлаў, А.Ракаў, Д.Ротман, В.Русецкая, Г.Сакалова, С.Шавель, М.Юркевіч, З.Юк і інш.).
Паведаміць пра недакладнасьць